ГАНЧАРЫК РЫХТУЕЦЦА ДА САМАЙ ЖОРСТКАЙ СЫТУАЦЫІ

Юры Сьвірко, Менск

Пасьля заўвагі старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, што фармат паседжаньня камісіі не прадугледжвае прэсавых канфэрэнцыяў, Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Лукашэнка сышлі, а Ўладзімер Ганчарык і Сямён Домаш пагадзіліся адказаць на пытаньні журналістаў.

Дарэчы, ад учорашняга дня спадары Домаш і Ганчарык імкнуцца разам стаяць перад тэлекамэрамі ў часе інтэрвію. Уладзімер Ганчарык сёньня назваў сябе й Сямёна Домаша "ядром сямёркі" — гэта значыць, былой пяцёркі, да якой далучыліся Міхаіл Марыніч і Аляксандар Ярашук.

Яшчэ ўчора сямёрка ўзяла ўдзел у пагадненьні пра стварэньне шырокай грамадзянскай кааліцыі на чале з Уладзімерам Ганчарыкам. А сёньня Сямён Домаш зазначыў, што некалькі партыяў, сярод якіх была Партыя камуністаў, падпісалі ўчорашні дакумэнт з агаворкамі.

На думку спадара Домаша, гэта выклікана "не зусім правільнай інфармацыяй" пра яго ды ягоную ранейшую працу. Сямён Домаш плянуе разьвязаць гэтую праблему пасьля абнародаваньня дэклярацыяў кандыдатаў, бо "менавіта наконт маіх даходаў і маёмасьці вельмі шмат паўставала пытаньняў у жыхароў Гарадзенскае вобласьці, і найперш у камуністаў", сказаў спадар Домаш.

Уладзімер Ганчарык дадаў, што з дэклярацыямі ўсё ў парадку, яны ўжо сёньня прызнаныя, таму ні яму, ні Сямёну Домашу апраўдвацца ня трэба. Гэта ўжо справа не галоўная. Цяпер, зазначыў спадар Ганчарык, трэба займацца працай, і ўжо заўтра адбудзецца рабочая сустрэча прадстаўнікоў штабу Сямёна Домаша й аб'яднанага штабу адзінага кандыдата.

"Галоўнае цяпер — пачаць працу больш сур'ёзна на месцах, — заявіў Уладзімер Ганчарык і працягваў: — Часу вельмі мала. Спадзявацца на тое, што ў нас будуць сумленныя, справядлівыя выбары, на жаль, у мяне вельмі мала падставаў, таму мы будзем рыхтавацца да самай жорсткай сытуацыі, у якой прыйдзецца, хоць і ў межах закону, рабіць усе захады, а галоўнае — інфармаваць насельніцтва".

Уладзімер Ганчарык дадаў, што ўжо цяпер ёсьць шмат нэгатыўных фактаў. "Пачаліся прыпіскі наконт запазычанасьці з выплатай заробкаў. Гэта, на жаль факт. Улада робіць усё, каб да выбараў паказаць, нібы ў нас усё добра ў эканоміцы, сацыяльнай сфэры й, натуральна, у палітыцы", — сказаў адзіны кандыдат ад апазыцыі і падкрэсьліў, што зараз вельмі важна ня даць аніякай нагоды для сумневу ў тым, што шырокая грамадзянская кааліцыя працуе разам, адной камандай.

На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, ці мелі апазыцыйныя кандыдаты гутарку з Аляксандрам Лукашэнкам перад сёньняшняй рэгістрацыяй, Уладзімер Ганчарык адказаў гэтак:

(Ганчарык: ) "Ну як... Гэта гутарка такая — магчыма, вады выпіць. І нічога больш крэпкага".

(Карэспандэнт: ) "Вы зь ім павіталіся?"

(Ганчарык: ) "Зразумела, што павіталіся — ён з намі".

(Карэспандэнт: ) "Ці будзеце вы разам выкарыстоўваць эфір Беларускага тэлебачаньня?"

(Ганчарык: ) "Мы дамовімся наконт гэтага пытаньня, тым больш што гэта ж ня самае галоўнае, вы разумееце — таму што час такі ня вельмі, калі людзі глядзяць тэлебачаньне. Дый тым больш Беларускае тэлебачаньне. Але мы выкарыстаем гэтую магчымасьць выказацца. Толькі падумаю, як падаць, як гэта ўсё падаць — у якім фармаце".

(Карэспандэнт: ) "Вы сёньня сказалі, што БТ аб'ектыўнае. Гэта быў жарт?"

(Ганчарык: ) "На аб'ектыўнасьць Беларускага тэлебачаньня я разьлічваю ў першую чаргу", — засьмяяўся ў адказ спадар Ганчарык.

Карэспандэнт НТВ папрасіў спадара Ганчарыка пракамэнтаваць неаднаразовыя заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што 10 верасьня натоўп будзе атакаваць прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю.

(Ганчарык: ) "Навошта камэнтаваць? Пачакаем 10-га. Можа, ня трэба будзе рабіць... Я думаю, што ўсё вырашыцца 9-га. І вырашыцца на нашу карысьць".

Журналістка агенцтва Reuters задала спадарам Ганчарыку й Домашу пытаньне й пра апошняга кандыдата, зарэгістраванага сёньня паводле альфабэту першым:

(Журналістка: ) "А Гайдукевіч — хто ён?"

(Ганчарык: ) "А чаго вы яго выпусьцілі? Патрэбна было спытаць яго".

(Домаш: ) "Гайдукевіч ня ўдзельнічаў ва ўсёй гэтай працы, якую мы праводзілі дзеля аб'яднаньня дэмакратычных сілаў, дзеля стварэньня шырокае кааліцыі, дзеля вызначэньня адзінага кандыдата".

(Ганчарык: ) "Я думаю, што адзіны кандыдат ёсьць. Гэта рэальнасьць. Ёсьць, яшчэ раз паўтараю, каманда. І мы будзем рухацца наперад. Што датычыць Гайдукевіча — ягонае права вызначыць сваю пазыцыю і ў дачыненьні да нас, і ў дачыненьні да дзейнага кіраўніка дзяржавы", — зазначыў Уладзімер Ганчарык.

А я пазьней патэлефанаваў Сяргею Гайдукевічу, каб даведацца пра ягоную пазыцыю.

(Гайдукевіч: ) "Адзінага кандыдата ад апазыцыі не было й няма. Яго не існуе ўвогуле. Ёсьць камуністы, якія абралі камуніста Ганчарыка разам з камуністамі іншымі. Вось і ўсё, ніякая дэмакратычная апазыцыя кандыдата ня мае. І вы ў гэтым вельмі хутка пераканаецеся. Я пра гэта ўжо даўно тлумачу, два месяцы кажу, што самы сапраўдны камуністычны пераварот адбыўся.

Там я ня маю ніякага сумненьня ў тым, што адзінага кандыдата няма. Гэта проста фон на выбарах. Што б ні пісалі ў газэтах, што б ні казалі, Ганчарык — гэта 2-3% максымальна, і ўвогуле проста фонавы кандыдат".

(Карэспандэнт: ) "А Лукашэнка? Як Вы да яго ставіцеся?"

(Гайдукевіч: ) "А што для мяне Лукашэнка? Нічым ня лепшы за Ганчарыка. Лукашэнка — мой канкурэнт. Канкурэнт, я лічу, самы асноўны. Будзе лёс вырашацца паміж Лукашэнкам і Гайдукевічам — вы ў гэтым пераканаецеся хутка".

(Карэспандэнт: ) "А што Вы плянуеце рабіць на бліжэйшы час?"

(Гайдукевіч: ) "Займацца справай, як і цяпер займаўся. А не выступаць з рознымі заявамі, якія крычаць ці не крычаць. Разумееце? Я працую, працую ў рэгіёнах пастаянна, штодня. Людзі там. І вось зараз, Вы бераце ў мяне інтэрвію, а я еду ў машыне ў Маладэчна", — сказаў Сяргей Гайдукевіч, кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі.