ЯК БУДЗЕ ВЫЗНАЧАЦЬ "СЯМЁРКА" АДЗІНАГА КАНДЫДАТА АД “ПЯЦЁРКІ”?

Юры Сьвірко, Менск

Паводле ўхваленага сёньня рашэньня пра ўзгадненьне працэдуры выхаду на адзінага кандыдата, калі спадары Ганчарык, Домаш, Казлоўскі, Калякін і Чыгір ня змогуць вызначыцца з кандыдатурай адзінага прэтэндэнта, тады канчатковае рашэньне будзе прымаць адмысловая калегія, у якой будзе 7 чалавек.

Склад гэтай калегіі мусіць папярэдне ўзгадняцца зь пяцёркай. На выпадак няўдачы ўзгадненьня "сямёркі" аўтары праекту — Аб'яднаная грамадзянская партыя — прапануюць зацьвердзіць склад калегіі "шырокай грамадзянскай кааліцыяй".

Што стаіць за гэтымі словамі? Старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што калегію-"сямёрку" будуць фармаваць прыкладна 50 чалавек, якія мусяць валодаць рэальнымі рэсурсамі — ці то матэрыяльнымі, ці то чалавечымі, — найперш лідэры апазыцыйных партыяў.

Я задаў спадару Лябедзьку гэткае пытаньне: ці ня будзе яшчэ цяжэй абраць 7 выбарцаў, чым толькі аднаго зь пяцёркі?

(Лябедзька: ) "Залежыць ад таго, ці ёсьць давер да працэдуры. Калі да працэдуры ёсьць давер, дык людзі пагаджаюцца. Калі ў іх ёсьць нейкі сумнеў, яны яе будуць адхіляць. І нам трэба трэба якраз знайсьці балянс інтарэсаў.

Тут прысутнічаюць розныя групы. Я, напрыклад, роўна аддалены ад усіх кандыдатаў, таму мне, магчыма, лягчэй асабіста. Але ведаю, нават практычна амаль на 99%, хто за кім стаіць. І цяжка прайсьці вось гэты балянс інтарэсаў.

Калі прапануюцца рашэньні, якія на карысьць таму ці іншаму кандыдату, гэтая не падыходзіць працэдура. Таму мы павінны, па-першае, паспрабаваць саміх кандыдатаў уключыць у гэтую працэдуру, а па-другое, каб быў нейкі давер паміж тымі людзьмі, якія тут прадстаўленыя", — сказаў Анатоль Лябедзька, лідэр АГП.

На маю просьбу ён пракамэнтаваў сёньняшнюю прапанову Юр'я Хадыкі — вызначыць адзінага кандыдата простым лёсаваньнем.

(Лябедзька: ) "Ну, гэта апошняе. Самае апошняе, якое можа быць. Я думаю, усё ж такі ў нас ёсьць пэўная палітычная культура й нейкі вопыт палітычнага жыцьця ў Беларусі, каб мы прыбягалі вось да такога скрайняга мэтаду. Але яго адвяргаць ня трэба, гэта таксама працэдура, гэта таксама мэханізм.

Я думаю, што тут спадар Хадыка меў на увазе, што ня столькі істотна, хто будзе з гэтых людзей. І прыкладна патэнцыял у іх крыху лепшы, крыху горшы. Але самае галоўнае — каб мы гэтую нішу адзінага кандыдата занялі. Вось гэта прынцыпова. Як толькі мы яе не займаем, мы прайграем. Калі мы яе займаем, у нас ёсьць добры шанец на перамогу", — зазначыў спадар Лябедзька.

Цікава, што нікога зь пяцёркі, чый лёс нібыта вызначаўся сёньня, на паседжаньні не было, хаця аргкамітэт іх усіх запрасіў. Чаму пяцёрка праігнаравала запрашэньне? Вось адказ Станіслава Шушкевіча:

(Шушкевіч: ) "Вельмі цяжкае пытаньне. Цяпер, калі яны зьбіраюць подпісы, ёсьць шанец мець гэтыя 100 тысячаў подпісаў — вельмі цяжка фактычна ад іх адрачыся напярэдадні рэгістрацыі. І я, напрыклад, і не чакаў, што яны прымуць такое рашэньне".

А вось як адказаў на тое ж пытаньне Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Я думаю, што гэта не адпавядае іхным інтарэсам. Я пра гэта гаварыў. Іх інтарэс зараз — цягнуць разгляд гэтага пытаньня як мага далей. А там — як, кажуць, ці асёл здохне, ці цар-падышах падзе".

Лідэр адной з сацыял-дэмакратычных партыяў Станіслаў Шушкевіч на сёньняшнім паседжаньні нават прапанаваў у выпадку няўдачы з вызначэньнем адзінага кандыдата ад пяцёркі падтрымаць Міхаіла Марыніча. Ці разглядаюць гэта як сур’ёзны варыянт?

(Шушкевіч: ) "Гэта проста быў прыклад".

(Карэспандэнт: ) "Паўжартам?"

(Шушкевіч: ) "Ну, гэта ня жарт. Проста трэба знаходзіць катэгарычную форму ў нашых няпростых умовах".