КОБРЫНСКІ ПРАПАРШЧЫК МІЛІЦЫІ БУХТА ПАГРАЖАЎ ЗБОРШЧЫКАМ ПОДПІСАЎ ВЫВЕЗЬЦІ ЗА ГОРАД І ТАМ ПАКІНУЦЬ

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

У мінулую суботу на кобрынскім рынку ініцыятыўная група Сямёна Домаша працягвала зьбіраць подпісы за вылучэньне гэтага палітыка ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. Неўзабаве да зборшчыкаў подпісаў падышлі міліцыянты, якія прадставіліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку і запатрабавалі дакумэнты.

Потым да міліцыянтаў далучыўся міліцыянт у цывільным і пачаў абражаць сяброў ініцыятыўнай групы. Ён пагражаў адвезьці зборшчыкаў подпісаў за горад, каб яны адтуль больш не вярталіся.

На патрабаваньне прадставіцца чалавек у цывільным спачатку назваўся супрацоўнікам міжраённай пракуратуры, а потым кобрынскай міліцыі. Пазьней актывісты групы Сямёна Домаша высьветлілі, што ім пагражаў прапаршчык гарадзкога аддзелу міліцыі з прозьвішчам Бухта.

Сябры ініцыятыўнай групы паспрабавалі зьвярнуць увагу міліцыянтаў на словы іх калегі, але тыя адказвалі, што гэта было ягонае ўласнае меркаваньне, якое яны не падзяляюць. Разам з тым міліцыянты паведамілі, што пэрыяд адносна лагоднага стаўленьня да актывістаў выбарчай кампаніі скончыцца разам з заканчэньнем этапу збору подпісаў.

Што чакае тых, хто зьбіраецца і надалей браць удзел у кампаніі на баку апазыцыйных кандыдатаў, міліцыянты не ўдакладнілі. Сьведкамі дыялёгу былі гандляры і наведнікі кобрынскага рынку. Таму сябры ўспрымыюць яго як псыхалягічны ціск на выбаршчыкаў.

Дарэчы, у кобрынскай міжраённай пракуратуры дагэтуль не далі адказу на скаргу мясцовага жыхара Ягора Вяршылы, які ўваходзіць у склад ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша. 24-га чэрвеня міліцыянты затрымалі спадара Вяршылу на тым самым рынку і абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету.

Зборшчыка подпісаў тады адвезьлі ў пастарунак, дзе ў грубай форме загадалі больш ніколі не займацца гэтай справай, бо тады ягоныя дзеяньні будуць кваліфікаваныя як хуліганства.

Толькі сёньня, праз тры тыдні пасьля здарэньня, у пракуратуру ў якасьці сьведкаў былі выкліканыя некаторыя з паплечнікаў Ягора Вяршылы па ініцыятыўнай групе. Сп. Вяршыла мяркуе, што пра вынікі разгляду ягонай справы ён даведаецца яшчэ ня хутка.