ЧЫМ ТЛУМАЧЫЦЦА СУПАДЗЕНЬНЕ ПА ЧАСЕ ВІЗЫТАЎ ЯНА ПАЎЛА ІІ НА ЎКРАІНУ І АЛЕКСІЯ ІІ Ў БЕЛАРУСЬ?

Кастусь Бадарук, Прага

У суботу, 23 чэрвеня, пачаліся і ў сераду, 27 чэрвеня, завяршыліся два візыты. Папа Яна Павал ІІ пабываў зь першым візытам на Ўкраіне, а патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ дакладна ў той жа час наведаў паўднёвыя раёны Беларусі ўздоўж мяжы з Украінай. Чым патлумачыць гэтае супадзеньне? Ці слушна Маскоўскі патрыярхат спрабаваў не дапусьціць прыезду Папы на Ўкраіну і якія будуць вынікі гэтага візыту для міжканфэсійных адносінаў? У абмеркаваньні гэтых пытаньняў ўдзельнічаюць: рэдактар рэлігійнага часопісу “Істина и Жизнь” Алла Калмыкова, старшыня камісіі ў рэлігійных пытаньнях Вярхоўнай Рады Ўкраіны Міраслаў Косіў і прафэсар Уладзімер Конан зь Менску.

Найперш адзначу, што маскоўскага патрыярха Алексія ІІ запрасіў ў Беларусь Аляксандар Лукашэнка, а Папу Яна Паўла ІІ на Ўкраіну прэзыдэнт Кучма і ўкраінская гіерархія Каталіцкай царквы лацінскага і візантыйскага абрадаў. Згодна афіцыйнай вэрсіі, візыт патрыярха ў Беларусь быў прымеркаваны да 60-х угодкаў нападу фашыстоўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз і да 15-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Таму і маршрут візыту быў распрацаваны гэткім чынам, каб Патрыярх наведаў парафі і храмы ў Берасьцейскай і Магілёўскай абласьцях, якія мяжуюць з Украінай. Якраз ў той жа час на Ўкраіне пабываў з пастырскім візытам папа Ян Павал ІІ, і шмат хто зьвярнуў ўвагу на гэтае дзіўнае супадзеньне. “Мой візыт быў вызначаны за доўга да таго, як быў вызначаны візыт папы на Ўкраіну,” – адказаў Алексій ІІ. Аднак адразу пасьля прыбыцьця ў Берасьце ён не прамінуў выказаць сваё нэгатыўнае стаўленьне да прыезду папы на Украіну. “Нягледзячы на тое, што ўкраінскія праваслаўныя гіерархі выказалі сваё стаўленьне да візыту папы, прасілі не ажыцьцяўляць яго зараз таму, што ён не прынясе супакою, не прынясе стабілізацыі і паляпшэньня адносінаў паміж канфэсіямі, да гэтага голасу праваслаўных гіерархаў, якія гаварылі ад імя праваслаўнага народу Ўкраіны, не прыслухаліся, і візыт ажыцьцяўляецца. Мы спадзяемся, што ён не прынясе злосьці, узмацненьня непрыязьн і канфрантацыі. Мы будзем сачыць за гэтым візытам. Не хацелася б, каб ён канчаткова перакрыў дарогу для паляпшэньня нашых адносінаў,” – сказаў патрыярх Алексій ІІ. Дык чым жа ўсё такі патлумачыць гэтае супадзеньне, бо прагучала нават такое меркаваньне “Патрыярх спаборнічае з Папам”. Калі ласка, Спадарыня Калымкова…”

(Калмыкова: ) “Я думаю, што многія разважлівыя людзі маглі б ацаніць пазыцыю РПЦ як выяву не варожасьці, але слабасьці. У той час, калі папу сустракаюць на Ўкраіне мільёны людзей, відавочна нашая гіерархія ня бачыць нічога падобнага ў свой адрас. Не сакрэт, што нашая Царква зараз нездаровая. Я сама праваслаўная, і гавару гэта як зацікаўленая асоба, як чалавек, які перажывае за гэтую сытуацыю. Ёсьць вельмі кансэрватыўная захавальніцкая плынь ў нашай Царкве. Але ж жыцьцё зьмяняецца і хрысьціянства толькі тады жывое, калі яно дынамічнае, калі не баіцца выклікаў сучаснасьці. Палітыка замкнутасьці, ізаляцыі выявілася вельмі выразна ў часе візыту патрыярха ў Беларусь. Я думаю, што многім вернікам гэта непрыемна і балюча канстатаваць таму, што гэта ня тое месца, дзе можна было б дэманстраваць свой пратэст, сваё незадавальненьне. Таму тут хутчэй горыч, гэта тое пачуцьцё, якое многія нашы вернікі адчуваюць”.

Гаварыла Ала Калымыкова з Масквы. А вось як тлумачыць гэтае супадзеньне візытаў двух гіерархаў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, які займаецца рэлігійнымі пытаньнямі, Міхайло Косіў.

(Косіў: ) “Адразу хачу сказаць, што гэта не выпадкова. Справа ў тым, што ў 1596 годзе ў Берасьці прадстаўнікі Кіеўскай мітраполіі падпісалі акт вядомы як “Берасьцейская Унія”, аб’яднаньне беларускай і ўкраінскай царквы з Усяленскаю Сталіцаю, з Рымам. І калі папа Ян Павал ІІ прыяжджае з візытам на Ўкраіну, а Маскоўскі патрыярх Алексій быў катэгарычна супраць гэтага візыту, дык зразумела, што ён мусіў прадамэнстраваць сілу, маўляў, вы там больш за 400 гадоў таму падпісалі далучэньне беларусаў і ўкраінцаў да Апостальскай Сталіцы, але зараз мы тут гаспадары, і гэта нашая кананічная тэрыторыя. На Ўкраіне патрыярх гэтага ня мог зрабіць, а ў Беларусі хаця б сваёй прысутнасьцю ў Берасьці ён спрабаваў сьцерці тое станоўчае ўражаньне і той эфэкт, пра якія ён ведаў, што будуць ад візыту Папы”.

Гэта была думка дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны пана Міхайла Косіва. Візыт патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі ў Беларусь, на Берасьцейшчыну, быў фармальна выкліканы мерапрыемствамі прысьвечанымі 60-годзьдзю пачатку так званай Вялікай Айчыннай вайны. Аднак Алексій ІІ не абмежаваўся Берасьцем і рушыў ўздоўж мяжы з Украінай. Ці гэта сапраўды толькі жаданьне наведаць тэрыторыі пацярпелыя ад чарнобыльскай катастрофы? Спадар Конан.

(Конан: ) “Місія патрыярха на Піншчыне, што мяжуе з Украінай і дзе да рэвалюцыі, а таксама ў міжваенны час, каталіцтва мела моцныя пазыцыі, была “контра” папы. Мы, хрысьціяне, павінны былі б вітаць абодва гэтыя візыты хрысьціянскіх першасьвятроў, бо пры добрай згодзе гэтыя падзеі маглі б садзейнічаць аб’яднаньню хрысьціянаў ўсяго сьвету. На жаль, праваслаўны гіерарх чамусьці ў даволі рэзкай форме выступіў супраць візыту папы на Ўкраіну. Да таго ж цяперашнія беларускія ўлады надаюць такім патрыяршым візытам палітычны сэнс. Яны і гэтым разам з дапамогай сваіх СМІ поўнасьцю выкарысталі прыезд Алексія ІІ для рэклямы свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. Патрыярх са свайго боку апошнім часам выступае ў нехарактэрнай для яго ролі палітычнага агітатара за саюзную дзяржаву, а да таго ж патрыярха ашукоўваюць ягоныя дарадцы з вялікадзяржаўным маскоўскім ухілам”.

Гэта быў прафэсар Уладзімер Конан. Візыт патрыярха Алексія ІІ
у Беларусь сапраўды быў вельмі палітызаваны. Тое што гэта элемэнт перадвыбарчай кампаніі – было асабліва бачна ў часе асьвячэньня фінансаванага ўладамі сьвята Ўваскрасенскага храму ў Берасьці. “Няхай гэты храм стане сымбалем яднаньня народаў ня толькі Расеі і Беларусі, але і ўсіх народаў некалі магутнай і вялікай дзяржавы,” – сказаў Лукашэнка. Да яднаньня трох славянскіх народаў ён заклікаў разам з патрыярхам яшчэ на заканчэньне візыту 27 чэрвеня. У часе візыту патрыярха, якога дарэчы ён сам запрасіў, Лукашэнка выступіў у якасьці абаронцы Праваслаўя. Ён назваў Алексія ІІ сваім “настаўнікам і сябрам”, а праваслаўную веру “фундаментам нашага адзінства”, які спрабуюць разбурыць некаторыя неназваныя ім “гора-палітыкі”. Хто хоча разбурыць Праваслаў’е Лукашэнка не патлумачыў. “Гасподзь ім судзьдзя, Гасподзь усё рассудзіць і ўсё расставіць на месцах,” – заявіў Лукашэнка, ужываючы нехарактэрную для яго царкоўную фразэалёгію.
У кожным разе, разбуральным для Праваслаў’я лічыць візыт папы на Ўкраіну і Патрыярх Алексій ІІ. Набор аргумэнтаў “супраць” –традыцыйны: “Папа едзе на Ўкраіну – значыць едзе заваёўваць расейскі Ўсход”. Маўляў, гэта ўварваньне на кананічную тэрыторыю РПЦ.

У сьвятле праграмы візыту папы і ягоных прамоваў, наколькі гэта разумныя аргументы? Калі ласка, спадарыня Калмыкова.

(Калмыкова: ) “Я думаю, што гэта чарговае непаразуменьне і нейкі стэрэатып, які спрабуюць навязаць нашым вернікам. На самой справе паняцьце “кананічная тэрыторыя” – абсурднае. Расея – шматнацыянальная краіна. Мы добра ведаем гісторыю Каталіцкай царквы ў Расеі. Апостальская Адміністратура для для каталікоў лацінскага абраду нядаўна адзначыла 10-годзьдзе свайго афіцыйнага існаваньня, але гэта далёка ня першае дзесяцігодзьдзе. Па ўсёй Расеі раскіданая вялікая колькасьць каталіцкіх парафіяў і храмаў, якія зьявіліся ня ў выніку празэлітызму, але таму, што ў свой час на выгнаьні апунуліся немцы, прыбалты і палякі. Яны ўжо даўно жывуць у Расеі, укараніліся, адаптавалі расейскую культуру, але традыцыйна захоўваюць сваю каталіцкую веру. Гаварыць пра кананічную тэрыторыю, гэта прызнаць, што гэтыя людзі жывуць ў Расеі нелегальна. Гэта ж абсурд. Акрамя таго, Маскоўскі патрыярхат сам мае шмат парафіяў і храмаў ў замежжы. Зараз Каталіцкая царква ў Італіі нават дапамагае патрыярхіі адкрываць ў Італіі ўсё новы і новыя храмы. Гэта сумна, што існуе такое стаўленьне, гэткі двайны стандарт: адна мерка для сябе, а для царквы, якую некалі называлі “сястрой”, а цяпер ўжо гэтак не называюць, – цалкам іншы стандарт”.

Зараз зьявілася шмат камэнтароў наконт таго, што прынясе візыт Папы на Ўкраіну? Ці зьмякчыць міжканфэсійную напружанасьць і ці не пашкодзіць адносінам паміж Маскоўскай патрыярхіяй і Ватыканам? Некаторыя падкрэсьліваюць той факт, што ў выніку самой трансляцыі візыту ў 70 краінаў сьвету падняўся прэстыж Украіны, і скарыстаў на гэтым моцна аслаблены аўтарытэт прэзыдэнта.

Ваша меркаваньне, спадар Косіў…

(Косіў: ) “Магчыма, што і так, але гэта напэўна прыйдзе пазьней. Сёньня абсалютна пэўна тое, што ўсялякія спробы паставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць візыту аказаліся дарэмнымі. Папа прапанаваў ў часе сваёй паездкі цалкам новыя падыходы, новую мадэль адзінства, адзінства ня ў тым, як гэта разумелася яшчэ нядаўна – у аднолькавасьці: усе маюць гаварыць па-расейску, усе павінны належаць да Расейскай Праваслаўнай Царквы. Ён прапанаваў адзінства ў размаітасьці: давайце будзем аб’ядноўвацца ў веры і любові. Нас некалі вучылі інтэрнацыяналізму, але гэта было нішто іншае як асыміляцыя. Гляньце, што зрабілі з Беларусьсю, ажно сэрца абліваецца крывёю і болем! Я разумею пазыцыю РПЦ і патрыярха, які ня хоча выявіць нейкага іншага падыходу. Па-мойму, галоўнае што застанецца пасьля візыту Яна Паўла ІІ, гэта ягоная прапанова абсалютна сучаснага, новага прынцыпу, паводле якога могуць аб’ядноўвацца ўсходнія славяне: украінцы, беларусы і расейцы. Гэта адзінства ў любові да Хрыста і да Ягонай навукі”.

Лічыць Міхайло Косіў. Дарэчы, напрыканцы візыту ў Беларусь, гаворачы пра адзінства брацкіх славянскіх народаў, партыярх Алексій ІІ чарговы раз пацьвердзіў, што ягонае стаўленьне да адзінства трох славянскіх народаў – не зьмянілася. Але вернемся да магчымых вынікаў візыту папы на Ўкраіну. Папа папрасіў у праваслаўных прабачэньня – як ён гэта сказаў, “за памылкі мінулага”, што было станоўча ўспрынятае нават Маскоўскім патрыярхатам. Але з другога боку, сутракаючыся з самаабвешчаным патрыярхам Філарэтам, папа як бы легітымізаваў яго. Масква пазбавіла Філарэта сану і аддала анафэме, а дзяржсакратар Ватыкану кардынал Садана цёпла прывітаўся зь ім і пацалаваўся. Раней патрыярх Алексій ІІ заяўляў, што калі дойдзе да гэтай сустрэчы, дык прымірэньня паміж Праваслаўнай царквой і Ватыканам ня будзе ніколі. Дык ці не пашкодзіць гэты візыт і падобныя жэсты і без таго напружаным адносінам паміж Ватыканам і Масквою? Спадар Конан.

(Конан: ) “Я думаю, што ў пэрспэктыве для хрысьціянства візыт папы не прынясе ніякай шкоды. Наадврот, ён прывядзе да сумеснай спробы дамовіцца і розным канфэсіям жыць ў міры і згодзе. Трэба адзначыць, што і заўвагі Папы ў адрас дзяржаўных кіраўнікоў Украіны былі зусім лягічныя і адпавядалі каталіцкай сацыяльнай дактрыне, якая, дарэчы, вельмі патрэбная і нам у Беларусі. Сутнасьць гэтай гуманнай дактрыны заключаецца ў тым, што няхай багацее дзяржава і ейныя грамадзяне, але справядліва – сваёй працай, сваім капіталам і сваім талентам. Але маральны абавязак грамадзтва і палітычная задача ўладаў – клапаціцца пра бедных і маламаёмасных. Гэтыя словы вельмі да месца там, дзе яшчэ шмат першабытнага, дзікага капіталізму. Такім чынам, візыт папы быў накіраваны на прымірэньне і на добрае сужыцьцё ўсіх рэгіянальных цэркваў”.

Гаварыў прафэсар Уладзімер Конан. Абодва візыты – патрыярха Алексія ІІ у Беларусь і папы на Ўкраіну закончыліся ў сераду. Зразумела, у цэнтры ўвагі гэты другі візыт і трэба адзначыць, што яго ацэнкі і камэнтары даволі супярэчлівыя. Паводле швэйцарскай газэты Le Temps, візыт папы на Ўкраіну закончыўся правалам, паколькі ён можа прывесьці да ўскладненьня міжканфэсійных адносінаў на Ўкраіне. Прадстаўнік кансысторыі УПЦ Маскоўскага патрыярхату Станіслаў Рэчынскі адзначае, што ў Кіеве замест 300 тысячаў чалавек на Імшу прыйшло ўсяго 30 тысячаў. Затое прафэсар з Кіева-Магілянскай акадэміі Паповіч лічыць, што поўнасьцю прайграў Маскоўскі патрыярх, бо ўкраінцы не падтрымалі ягоную антыпапскую рыторыку.

У кожным разе, у гэтыя дні Ўкраіна перажыла сапраўднае духоўнае сьвята. Можна з упэўненасьцю меркаваць, што хутка ніхто ня будзе памятаць пра істэрычныя пратэсты і хросныя ходы праціўнікаў візыту папы, а будуць памятаць ягоныя словы аб прымірэньні паміж хрысьціянамі.