ЯК РЭАГУЮЦЬ У БЯЛГРАДЗЕ?

Вольга Караткевіч, Прага

(Бандарэнка: ) “Зараз у Бялградзе нармальнае жыцьцё, на вуліцах спакойна, шмат людзей у крамах і кавярнях. Напружанасьць адчуваецца ў мэдыях. Па ўсіх каналах ідуць камэнтары, паказваюцца кадры дэпартацыі Мілошавіча, а таксама выступы Каштуніцы і Джынджыча. Учора вечарам былі мітынгі і дэманстрацыі прыхільнікаў Мілошавіча і Шэшаля, якія пратэставалі супраць дэпартацыі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці прадстаўнікі колаў, зь якімі Вы кантактуеце ў Сэрбіі, прагназуюць нейкае абвастрэньне сытуацыі?”

(Бандарэнка: ) “Мы сустракаемся з журналістамі і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў. Яны не прагназуюць абвастрэньня. Не скажу, што гэта настолькі балюча закранула сэрбскае грамадзтва. Тут адчуваецца, што яны жывуць ужо больш вольным жыцьцём, і гэта не зьяўляецца прыярытэтам для кожнай асобы. Хаця магчыма, што ў кавярнях, якіх шмат у Бялградзе, гэта тэма нумар адзін. Югаславія, Сэрбія разьвітваюцца зь мінулым. Нармалёвыя людзі ведаюць, што сапраўды Мілошавіч вінаваты ў шматлікіх забойствах як у Сэрбіі, так і ў іншых краінах. Зь іншага боку, большасьць сэрбаў, як мне задецца, выступае за тое, каб яго судзілі ў Сэрбіі. Так што тут ёсьць… Неяк няўтульна яны сябе адчуваюць. Але эканамічны ціск з боку заходніх краінаў – гэта людзі разумеюць. І гэта можа перашкодзіць новым лідэрам краіны. Гэта можа настроіць супраць іх грамадзкую думку Югаславіі”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля паразы Мілошавіча на выбарах вельмі моцна загучала рыторыка “Сёньня Мілошавіч, заўтар Лукашэнка”. Пасьля яна крыху сьцішылася. На сёньняшні момант, як Вы думаеце, ці можна зрабіць праекцыю таго, што адбылося ў Югаславіі, на Беларусь?”

(Бандарэнка: ) “Я некалькі разоў натыкаўся на прапагандысцкія фільмы ў праграмах ці то Азаронка, ці то ў “Панараме”, дзе гаварылася, што і ў Беларусі сёньня вельмі шмат паўтораў таго, што адбылося ў Югаславіі. Я пераканаўся ў гэтым сам. Бялград сапраўды залеплены плякатамі, налепкамі, скрозь у горадзе бачныя графіці як прыхільнікаў дэмакратыі, так і прыхільнікаў Слабана. Незалежнае назіраньне, моладзевыя арганізацыі – ўсё гэта ёсьць у Югаславіі, і выснова лукашэнкавых прапагандысцкіх фільмаў няслушная (што сэрбскі варыянт у Беларусі не паўторыцца). Ясна, што будзе беларускі варыянт, але гэта будзе дэмакратычны варыянт. Яшчэ адным дыктатарам стане менш”.