АД АХОВЫ ЛУКАШЭНКІ ЦЕРПЯЦЬ МЕНЧУКІ І МЕНСКАЯ ПРЫРОДА

Ігар Карней, Менск

Днямі на прылеглай да рэзыдэнцыі тэрыторыі сьпілавалі ўсе высокія таполі, зьнішчылі драўляныя альтанкі, у некалькіх дамох забілі дошкамі гарышчы і заблякавалі ўваходы на іх. Жыхары раёну кажуць, што гэтак адміністрацыя Лукашэнкі засьцерагае свайго кіраўніка ад патэнцыйных тэрарыстаў, якія могуць хавацца паблізу.

Жыхары кажуць, што цягам паўстагодзьдзя яны суседнічалі з многімі палітычнымі лідэрамі — ад Хрушчова да Клінтана, але ніколі не адчувалі такога прэсінгу, як цяпер.

Першымі, дарэчы, здаліся разьмешчаныя побач, у такіх жа дамох, амбасадары Чэхіі й Баўгарыі, якія пасьля безвыніковых перамоваў з адміністрацыяй Лукашэнкі вымушаныя былі пакінуць свае зялёныя аазысы.

Цяпер нешматлікія сем’і, якія яшчэ застаюцца ў гэтай зоне, лічаць, што ўлады бяруцца і за іх. Дарэчы, частка жыхароў ня мае намеру чакаць горшага і пачынае кватэрны разьмен загадзя. Вось што кажа жыхарка дома №7 Галіна Марчанка:

(Марчанка: ) "Прыехалі й мэтадычна, без усялякіх тлумачэньняў, пачалі пілаваць дрэвы. Сказалі, што за 2 мэтры ад плоту не павінна застацца ніводнага. Выкарчавалі нават кусты, якія толькі-толькі пачыналі цьвісьці.

Калі мы ўзяліся высьвятляць — чаму так бязбожна, нашыя бацькі пасадзілі гэтыя дрэвы 50 год таму — атрымаўся ланцуг: домакіраваньне атрымала распараджэньне ад райвыканкаму, у выканкаме спаслаліся на мэра, а там сказалі, што атрымалі загад з адміністрацыі прэзыдэнта — маўляў, з-за плоту дрэнна бачна, што робіцца на гэтай тэрыторыі".

(Карэспандэнт: ) "Я бачу, што аднымі дрэвамі ўсё не абмяжоўваецца?"

(Марчанка: ) "У нас быў шок, калі людзі зноў прыйшлі, пачалі рабіць нейкія замеры і паведамілі, што да заўтрашняга абеду будуць стаяць дадатковыя краты над плотам. І параілі асабліва не шумець, бо супраць рашэньня ўсё роўна ніхто ня пойдзе.

Дагэтуль нас ужо адгарадзілі ад рэзыдэнцыі калючым дротам. Зьнесьлі альтанку — зараз засталася гара сьмецьця. "Незаконнымі збудаваньнямі" аб’яўленыя хлеўчукі для дроў. Пад бульдозэр абяцалі пусьціць і гаражы. Сад ужо зьнесьлі, а тэрыторыю заасфальтавалі пад гаспадарчы двор рэзыдэнцыі.

Кажуць, што і зараз усё робіцца дзеля патрэбаў гаспадаркі. А там, можа, справа і да нашых дамоў дойдзе. Нічога ня хочуць пакінуць ні нам, ні нашым дзецям і ўнукам".

На маё пытаньне, якім чынам удалося "адваяваць" бярозу пад вокнамі, спадарыня Марчанка адказала словамі аднаго з "дрывасекаў": бярозавыя галінкі надта тонкія, каб вытрымаць узброенага дарослага чалавека.

Дарэчы, небясьпечнае суседзтва з рэзыдэнцыяй Лукашэнкі жыхары пачалі адчуваць яшчэ некалькі год таму. Амаль усе тэлефанаваньні суправаджаюцца шчаўчкамі ў слухаўцы, рэзкай зьменай ўзроўню гуку, што сьведчыць пра зьнешні інтарэс да тэлефонных размоваў.

Таксама рэгулярна на прылеглай да дамоў тэрыторыі пачаў зьяўляцца чалавек у цывільным і зь ліхтаром, які ўважліва аглядае падазроныя месцы. Жыхары кажуць, што зараз увечары яны наогул не рызыкуюць падыходзіць да вокнаў.