У КАНГРЭСЕ ЗША АДБЫЛІСЯ СЛУХАНЬНІ ПА ЧАЧЭНІІ

Кастусь Бандарук, Прага

Усе яны згодна адзначылі абмежаваньні на свабоду прэсы ў Расеі і генацыд чэчэнскага народу, аднак разыходзіліся ў думках наконт таго, якім чынам Захад павінен прумусіць Расею закончыць вайну ў Чачні.

“Спадзяемся, што Расея пераадолее спадчыну мінулага і дасягне свабоды для свайго народу… Маштабы правапарушэньняў ў Чачні патрабуюць нашай ўвагі ў сьвятле ўзятых Расеяй на сябе міжнародных абавязальніцтваў,” – сказаў старшыня Камісіі Бэн Кампбэл. Паводле слоў ягонага намесьніка Крыстафэра Сміта, “расейская ваенная апэрацыя ў Чачні выглядае ня гэтулькі на вайну з сэпаратыстамі альбо антытэрарыстычную апэрацыю, але хутчэй за ўсё на вайну супраць ўсяго народу”.

Елена Бонэр, жонка Андрэя Сахарава і старшыня Фонду ягонага імя, адзначыла, што расейскія дзеяньні ў Чачні носяць усе прыкметы генацыду.

(Бонэр: ) “У часе зачыстак забіраюць ўсё мужчынскае насельніцтва ўключна з 12-гадовымі хлопчыкамі і большасьць іх зьнікае. Гэта таксама чыньнік, які сьведчыць пра генацыд народу”.

Паводле Елены Бонэр, у Чачні ёсьць масавыя магілы растраляных расейскімі сіламі цывільных жыхароў, і калі міжнародная супольнасьць не раскрые гэтыя магілы, расейскі народ ніколі не даведаецца праўду пра гэтую вайну. Яна выказала думку, што найлепшы спосаб паўплываць на заканчэньне вайны ў Чачні, гэта спыніць міжнародную дапамогу Расеі. Магчыма, найбольш эфэктыўным крокам, на думку Елены Бонэр, было б выключэньне Расеі з удзелу ў паседжаньнях клюбу “Вялікая сямёрка плюс Расея”.

(Бонэр: ) “Што яшчэ больш важна, Расея прагне міжнароднага прэстыжу. Яе нельга ўключаць ў васьмёрку, пакуль яна вядзе вайну ў Чачні. Што ж тычыцца эканомікі на любых узроўнях, дык яна ніяк ня мае дачыненьня да васьмёркі. Калі б аднак Масква спыніла вайну, тады ў якасьці сустрэчнага кроку, можна было б яе прыняць ў гэтую арганізацыю”.

Іншы расейскі праваабаронца, былы дараднік прэзыдэнта Барыса Ельцына Эміль Паін, выказаў іншую думку. Паводле яго, замест таго, каб ізаляваць Расею, больш прадуктыўным было б супрацоўнічаць зь ёй і схіляць яе да спыненьня вайны ў Чачні.

(Паін: ) “Я мяркую, што ў рамках “васьмёркі” лягчэй ўплываць на Расею, чым калі б яна была ізаляванай. Ізаляцыя прывядзе толькі да ўздыму фашызму ў Расеі . Гэта было б небясьпечна ня толькі для чачэнцаў, але і для ўсіх”.