УЛАДЗІМЕР НЯКЛЯЕЎ ПРАПАНАВАЎ СВОЙ ПРАЕКТ ПАСТАНОВЫ ЗЬЕЗДУ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ

Юрась Барысевіч, Менск

Някляеў прапанаваў канстатаваць катастрафічны стан беларускай культуры й зрабіць усё магчымае, каб перашкодзіць вінаватаму ў гэтым Аляксандру Лукашэнку ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Някляеў хоча заклікаць зьезд пісьменьнікаў падтрымаць кандыдатуру Зянона Пазьняка. Рада Саюзу пісьменьнікаў прапановы свайго старшыні не ўхваліла.

У наваградзкім Доме-музэі Адама Міцкевіча адчынілася новая экспазыцыя. Старая ў значнай ступені складалася з рэчаў, пазычаных варшаўскім Музэем літаратуры імя Міцкевіча. Тыя экспанаты цяпер вярнуліся ў Польшчу, а іхнае месца занялі напамінкі пра Міцкевіча, што перахоўваліся ў Беларусі, у тым ліку ў прыватных калекцыях.

Дзяржаўны камітэт аховы гісторыка-культурнае спадчыны надаў статус гістарычнае каштоўнасьці шэрагу новых аб’ектаў. У дзяржаўны рэестар культурнае спадчыны Беларусі трапілі стадыён “Дынама” ў Менску, цыкляпічны “Габэлен стагодзьдзя” Аляксандра Кішчанкі з выяваю Лукашэнкі, а таксама шэраг архітэктурных помнікаў Менску й Карэлічаў.

Студэнтка аддзяленьня фартэпіяна Беларускае акадэміі музыкі Лі Фан перамагла ў “Музычным конкурсе Францыі”, які прайшоў у горадзе Руане. Гэта ўжо ня першы выпадак, калі ўзнагароды буйных эўрапейскіх фэстываляў атрымліваюць кітайскія музыкі, што вучацца ў Менску. Некалькі гадоў таму ляўрэаткай конкурсу піяністаў у францускім Брэсьце стала менская студэнтка Сяо Мяо Янь.

У Доме дружбы праходзіць фотавыстава “Менскія праспэкты” швайцарскіх аўтараў Штэфана Ліхтэнштайгера й Ганэса Леа Маера. Выставу складаюць велізарныя чорна-белыя здымкі й вершы, якія адлюстроўваюць уражаньні швайцарцаў ад сталіцы Беларусі, якую яны наведалі год таму. Адзін зь вершаў прысьвечаны забароненаму беларускаму сьцягу: ён параўноўваецца з параненым сэрцам, а таксама зь віном у крышталёвым келіху.

Радыё Рацыя й Беларуская Музычная Альтэрнатыва выпусьцілі кампакт-дыск “Галерэя Кліо” з запісам аўтарскай праграмы гісторыка Ўладзімера Арлова, у якой ён распавядаў на хвалях Радыё Рацыя пра славутых паўстанцаў супраць расейскае акупацыі нашага краю. Сярод герояў праграмы — Міхал-Клеафас Агінскі, Эмілія Плятэр, Адам Пуслоўскі, Міхал Валовіч, Ахіл Банольдзі, Зыгмунт Мінейка, Міхал Андрыёлі. На дыску гучаць ваярскія песьні ў выкананьні Віктара Скарабагатава.

У Беларускім калегіюме прайшла прэзэнтацыя новага філязофска-літаратурнага часопісу. Выдаецца ён студэнтамі Калегіюму ў тарашкевіцы й мае назву “Паміж”. Уражвае, што сярод аўтараў філязофскага часопісу няма мужчынаў. Упершыню пад адной вокладкай сабралося столькі разумных дзяўчат. Гэта сапраўдны прарыў на беларускім фронце жаночага інтэлектуалізму.