КІРАЎНІК ФСБ МІКАЛАЙ ПАТРУШАЎ ПАДЗЯЛЯЕ ПОГЛЯДЫ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ

Валер Каліноўскі, Менск

Дырэктар Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў назваў пазытыўнымі вынікі чарговага паседжаньня Рады кіраўнікоў органаў бясьпекі і спэцслужбаў краінаў Садружнасьці, якое адбылося ў Менску. Ягоныя ўдзельнікі падпісалі два пратаколы і пяць супольных рашэньняў наконт барацьбы з тэрарызмам, нелегальнымі фінансавымі плынямі, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасьцю, экалягічнай бясьпекі ды інш.

Кіраўнікоў спэцслужбаў найперш непакоіць сытуацыя ў Чачэніі і Цэнтральнай Азіі. Паводле словаў Мікалая Патрушава, ФСБ вядомыя асобныя няўрадавыя арганізацыі за мяжой, якія фінансуюць тэрарыстычныя акцыі, у прыватнасьці, у Чачэніі. Сытуацыя ў Беларусі на гэтым фоне, паводле словаў кіраўнікоў спэцслужбаў, выглядае стабільнай. Гаворыць старшыня КГБ Беларусі Леанід Ерын:

(Ерын: ) "У краіне няма ўзброенай злачыннасьці, няма карупцыі й іншых асабліва небясьпечных відаў злачыннасьці. У тым ліку і тэрарызму. Гэта было сказана Аляксандрам Лукашэнкам на Ўсебеларускім народным сходзе. І я як кіраўнік спэцслужбы пацьвярджаю гэта".

Тым ня менш, Леанід Ерын паведаміў, што ягонае ведамства сочыць, каб ня ўзьнікла магчымасьцяў для тэрарызму ў Беларусі. У прыватнасьці, нядаўна КГБ правёў адмысловую апэрацыю, у выніку якой было канфіскавана з розных камэрцыйных шапікаў некалькі тысячаў відэакасэтаў, на якіх даходліва тлумачыцца, як вырабляць і выкарыстоўваць выбуховыя прыстасаваньні.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што ў Беларусь завозіцца шмат зброі, што існуе пагроза тэрарызму і шпіянажу. Вось як выказаўся кіраўнік ФСБ Мікалай Патрушаў наконт тэрарыстычных апасеньняў А.Лукашэнкі:

(Патрушаў: ) "Я хачу сказаць, што Аляксандар Лукашэнка зусім правільна ставіць гэтыя пытаньні. Калі мы жылі ў Савецкім Саюзе, у нас амаль не было праблемаў у справе барацьбы з тэрарызмам, і мы не надавалі гэтаму вялікай увагі.

Цяпер многія былыя рэспублікі СССР сутыкнуліся з гэтым злом у рэальным жыцьці. Таму я тут Лукашэнку цалкам падтрымліваю, і думаю, што ўсе мае калегі таксама падтрымліваюць цалкам".

На наступны год заплянаваныя комплексныя камандныя вучэньні спэцслужбаў краінаў Садружнасьці.