ПАШТОВАЯ СКРЫНКА 111. ЧЫТАЧЫ ПІШУЦЬ ПРА ПАЛІТЗАНЯТКІ Ў ШКОЛАХ ДЫ ЖЫЦЬЦЁ Ў СУСЕДНІХ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ КРАІНАХ

Валянцін Жданко, Менск

Але ёсьць і іншыя пункты гледжаньня. У тым ліку й сярод тых, хто стала слухае беларускую Свабоду. Вось які ліст даслаў нам Вячаслаў Савіцкі зь Вільні, зь Літвы. Ён піша:

"Вельмі часта слухаю вашы перадачы і вельмі мяне трывожыць, што ёсьць яшчэ ў Беларусі такія, як вы. Куды вы клічаце людзей — у бездань? Вы ўсё цягнеце Беларусь на Захад, пераконваеце, што на Захадзе рай.

Дык вось, сам я зь Беларусі, але жыву ў Вільні. Спачатку і я думаў гэтак, як вы. Але аказалася, усё зусім ня так. Мы (гэта значыць — Літва) ўжо схадзілі на Захад, а цяпер ня ведаем, як адтуль выйсьці.

Вы павінны памятаць: у складзе Савецкага Саюзу Літва была перадавой рэспублікай. А што цяпер? Усё раскралі, разрабавалі — усе заводы, калгасы. Усе людзі сталі жабракамі й бамжамі.

У вашых перадачах часта кажуць, што ў Літве людзі жывуць добра. Так, некаторыя жывуць. Але хто? Буржуйскія сынкі ды ўнукі. А просты народ гібее бяз працы і без жыльля.

Яшчэ вы распавядаеце, што ў Літве добрыя заробкі. Але вы бераце сярэднія заробкі па краіне, а ня кажаце, што апошнім часам усе, хто працуе, атрымліваюць толькі мінімальны заробак — 430 літаў. А за кватэру трэба заплаціць у сярэднім 360-380 літаў. Вось і жыві на рэшту. А калі ў сям'і працуе толькі нехта адзін?"

Спыню на гэтым цытаваньне ліста Вячаслава Савіцкага зь Вільні. Жыцьцё ў Літве ды ў іншых постсавецкіх краінах, спадар Савіцкі, мы не ідэалізуем. Так, там ёсьць і бедныя, і беспрацоўныя. Але адначасова ёсьць і намнога больш спрыяльныя ўмовы дзеля таго, каб чалавек уласнымі сіламі дамогся дабрабыту.

На пачатку 90-х гадоў у Літвы і Беларусі былі прыблізна аднолькавыя эканамічныя ўмовы. Цяпер жыцьцёвы ўзровень у Літве непараўнальна больш высокі. Вы гэты факт аспрэчваеце, але вось вам просты доказ: ніхто зь Літвы, дзе, як вы пішаце, усе сталі "бамжамі і жабракамі", не імкнецца перасяліцца ў Беларусь, парадкі ў якой вам так падабаюцца. У тым ліку, падобна, не зьбіраецеся сюды і вы.

А на выбарах у Літве ўсе тыя палітычныя сілы, якія выступаюць пад антызаходнімі ды антыНАТОўскімі лёзунгамі, пастаянна церпяць паразу — большасьць людзей іх не падтрымлівае.

Яшчэ адна цытата зь ліста Вячаслава Савіцкага зь Вільні:

"Вы ўмееце толькі Лукашэнку лаяць. Хоць некалі сам былы літоўскі прэзыдэнт Бразаўскас хваліў Лукашэнку за тое, што захаваў калгасы. Ясна: вы ня любіце яго таму, што ён разбурыў буржуйскае гняздо, зрабіў ня так як у нас, дзе ўсё рвуць з простага люду. А ў вас хоць і пакрысе, але пэнсіі дабаўляюць. І кватэры ў вас як атрымлівалі, так і атрымліваюць. А ў нас толькі за грошы.

Калі вы такія разумныя, дык далучыцеся да Лукашэнкі, дапамажыце, навучыце, як вывесьці краіну з крызысу, а ня лайце сумленнага чалавека", — заклікае Вячаслаў Савіцкі зь Літвы, зь Вільні.

Відавочна, спадар Савіцкі, вы даўно не былі ў беларускіх калгасах, інакш ведалі б, што калгасная сыстэма тут ужо ў напаўразбураным стане і большасьць калгасаў ня здольныя гаспадарыць самастойна, безь дзяржаўнага фінансаваньня. Што да бясплатнага жыльля — то гэта міт. Яго ў Беларусі даўно няма — хіба што высокія дзяржаўныя чыноўнікі яго атрымліваюць.

А пра падвышэньні пэнсіяў найлепш пагаварыце зь беларускімі пэнсіянэрамі. Пэнсіі ў Беларусі ў тры-чатыры разы ніжэйшыя чым у Літве, і гэта пры аднолькавых, а то й вышэйшых коштах на харчаваньне і адзеньне.

Піша наш даўні слухач і аўтар школьнік Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну:

"Чуў па Свабодзе, што ў школах аднаўляюць палітзаняткі. У нас такія заняткі ніколі й не зьнікалі. На іх нам распавядаюць пра заслугі Лукашэнкі, тлумачаць, чаму патрэбен саюз з Расеяй — маўляў, свае нафта і газ будуць. Распавядаюць, якія ў Беларусі дэмакратычныя парадкі.

А пра ўдзельнікаў апазыцыйных акцыяў кажуць так: "Пьяные отморозки собрались, им десять долларов дали, вот они и чёртом свищут".

Школа ў нас беларускамоўная, аднак пэўныя ўрокі — прыкладам, ангельская мова, чалавек і грамадзтва, аўтасправа — выкладаюцца па-расейску. Дык мы нядаўна клясай пастанавілі дамагацца, каб усе ўрокі выкладаліся па-беларуску. Напісалі дырэктару заяву. Пасьля гэтага беларуская мова гучыць часьцей.

А яшчэ пасьля гэтага выпадку мяне абмяркоўвалі на пэдсавеце. Прыйшлі да высновы, што я першы пайду зь відэльцам на Расею. А яшчэ мяне пачалі вінаваціць у фашызьме, бо мой прадзед Барыс Саснавец служыў у Беларускай Краёвай Абароне. Я гэтага факту ніколі й не хаваў — усім распавядаў, што прадзед ваяваў за беларускую Беларусь. Настаўнікі пачалі казаць, што я ўвесь у прадзеда — калі б мог, зараз жа прадаў бы Беларусь немцам. А яшчэ яны вельмі шкадуюць, што я жыву ня ў Менску.

Неяк яны ўбачылі ў мяне кнігу Франца Кушаля, і пасьля гэтага пачалі лічыць мяне фашыстам. А я фашыстам ніколі ня быў, а аднаго разу нават пабіўся з РНЕшнікам, які прыяжджае ў вёску. Пабіліся мы за тое, што я назваў Гітлера і Сталіна псыхапатамі.

Вось так і жывём. Дзень за днём мне прыдумваюць у школе новыя мянушкі: то я ім польскі шляхціц, то нямецкі фашыст, то амэрыканскі шпіён. Ніяк ня могуць яны ўсьвядоміць, што я проста люблю Беларусь — і болей нічога.

Штодня а шостай гадзіне я цягнуся да свайго прыймача, настройваюся на 612 кілягерцаў — і наступныя паўтары гадзіны мяне цяжка адарваць ад гэтага занятку. Слухаю ўсё, асабліва люблю "Вострую Браму" Сяргея Дубаўца…

Ня ведаю, як бы я зараз жыў, каб у мяне адабралі Свабоду. Калі слухаю вас, то мне здаецца, што мы — самая вялікая краіна сьвету, а беларусы — самы лепшы народ. Толькі гэты міт доўжыцца паўтары гадзіны.

А потым я выходжу на вуліцу вёскі і бачу п'яных аднавяскоўцаў, адзінай праблемай для якіх стала — дзе заўтра знайсьці чарку. І адчуваньне велічы ў мяне зьнікае. Але потым я зноў раскладваю свае думкі й прыходжу да высновы, што пакуль ёсьць у краіне такія людзі, як вы, ня згіне наш народ. І згадваюцца словы Янкі Філістовіча: "Усё пераменіцца, будзе вольнай Беларусь!" — напісаў школьнік Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну.

Ліст гэты, на маю думку, вельмі адметны тым, што паказвае, якім чынам улады праз школу выхоўваюць у дзецях ідэалягічна выгадны для сябе сьветапогляд. І наколькі гэты сьветапогляд абмежаваны і скажоны, калі пры першых жа непрыемных, але лягічных пытаньнях дапытлівага падлетка настаўнікі пераходзяць замест аргумэнтаў на мянушкі ды зьнявагі.

На заканчэньне — ліст ад Сяргея Пруса з Харкава, з Украіны:

"Сам я родам з Рэчыцы Гомельскай вобласьці. Да перабудовы на савецкіх прадпрыемствах больш як 200 рублёў зарабіць было немагчыма. Каб займець прыстойныя грошы, трэба было працаваць па 12 гадзін "шабашнікам".

І вось у 1986 годзе, адгуляўшы дома майскія сьвяты, мы брыгадай паехалі ў Сыктыўкар. Толькі там я даведаўся пра Чарнобыль. Па мясцовым тэлебачаньні аб’явілі, каб тыя, хто прыбыў з пацярпелых раёнаў, праверыліся на радыяцыю. Мы пайшлі з надзеяй, што не пацярпелі: прабылі ж у Беларусі пасьля аварыі ўсяго тыдзень.

Але дазімэтры падчас нашага абсьледаваньня аж зашкальвала, зьявіліся зьмены ў крыві. Нам прапанавалі правярацца кожныя тры месяцы. А што ж стане з тымі людзьмі, якія жывуць там пастаянна?

Паўтара года таму я зьехаў зь Беларусі ў Харкаў, бо стаў моцна хварэць. Дактары ў Беларусі не прызнаюць, што гэтыя хваробы ад радыяцыі. Я стаў губляць зрок — пачалося адслаеньне сятчаткі, сталі крывавіць дзёсны, моцна выпадаць валасы...

Чаму Расея ня плаціць за тую шкоду, што прынесла навакольнаму асяродзьдзю і здароўю людзей? Бо ЧАЭС жа пабудаваная паводле распараджэньняў Масквы, яна абслугоўвала імпэрскія інтарэсы. І гэта Масква ўтойвала наступствы катастрофы.

Расея патрабуе зь Нямеччыны кампэнсацыі былым вязьням нацысцкіх лягераў. І Нямеччына плаціць. А што ж сама Расея, якая навязала бальшавіцкі лад дзясяткам народаў, якая рукамі сталінскіх катаў зьнішчыла мільёны ні ў чым не вінаватых людзей — чаму яна робіць выгляд, што нічога не адбылося?

Мо яны скажуць, што ў іх няма грошай? Але вы паглядзіце, колькі там багатых, што маюць мільёны даляраў. Адкуль яны ў іх? Гэта нашыя грошы — грошы ўкраінцаў і беларусаў. І ў савецкі час, і цяпер сотні тысяч украінцаў і беларусаў працуюць на Расею. А іх абкрадвалі раней, і працягваюць абкрадваць цяпер, ставячы ў такія ўмовы, што, апроч Расеі, яны больш нікуды выехаць на працу ня могуць.

У маім згубленым здароўі вінаватая камуністычная Расея. Я ня ўпэўнены, што вы прачытаеце мой ліст. Калі нешта датычыць КПСС ці расейцаў, пра гэта звычайна імкнуцца маўчаць", — напісаў Сяргей Прус з Харкава, з Украіны.

На маю думку, спадар Сяргей, рана ці позна гэтыя зусім правамерныя, абгрунтаваныя пытаньні будуць паўставаць — як бы да гэтага ні ставіліся цяперашнія ўлады ў Маскве і Менску.

Хоць, відавочна, нельга атаясамліваць віну камуністычнага рэжыму і цяперашнюю палітыку маскоўскага Крамля з роляй расейскага народу. І ад бальшавікоў, і ад сталінскіх злачынстваў, і ад Чарнобылю расейскі народ цярпеў гэтак жа, як і іншыя ў савецкай імпэрыі.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Мікалая Саскевіча з Калінкавічаў Гомельскай вобласьці і Юзэфа Русакевіча зь Віленскага раёну Літвы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.