18:25 КАЛЁНА ДЭМАНСТРАНТАЎ БЕЗ ПЕРАШКОДАЎ МІНУЛА БУДЫНКІ ПОЛІТЭХНІЧНАЙ АКАДЭМІІ

Юры Сьвірко, Менск

(Сьвірко: ) “Я іду па цэнтральнай частцы праспэкту. Вы чуеце, як скандуюць сябры Маладога Фронту. Іх калёна тут самая рэпрэзэнтабельная. Я перадаю тэлефон кіраўніку Маладога Фронту Паўлу Севярынцу”.

(Севярынец: ) “Гэтае шэсьце для нас вельмі сымбалічнае і знакавае. Чаму? Чарнобыль увасабляе ўсе тыя пакуты і ўвесь боль беларускай нацыі, якія яна занае на шляху да перамогі, да пераменаў, да незалежнай эўрапейскай пэрспэктывы. І мы гэтым шляхам праходзім спакойна, годна і ўпэўнена. Мы верым, што гэты шлях мы адолеем, і адолеем гэты рэжым у 2001 годзе”.

(Сьвірко: ) “Павал, ці не зьдзіўляе Вас абсалютная адсутнасьць міліцыі на вуліцах Менску?”

(Севярынец: ) “Уражвае, але я ня схільны гэта запісваць у плюсы рэжыму. Або яны схавалі міліцыю, каб паказаць, што рэжым спакойна ставіцца да палітычных апанэнтаў, або яны хацелі нас справакаваць у бок пляца Незалежнасьці, дзе складзеныя паддоны з пліткай. Што гэта такое, мы таксама ведаем”.

(Сьвірко: ) “Ля цырку адбыўся кульмінацыйны момант – калёна рушыла налева. Чаму не направа, да пляца Неазлежнасьці?”

(Севярынец: ) “Там рыхтавалася правакацыя. Ля будынку КГБ былі разгорнутыя будаўнічыя работы, складзеная плітка і была там процьма АМОНу. Яны чакалі, што мы туды пойдзем”.

(Сьвірко: ) “Дзе будзе канец шэсьця, дзе будзе мітынг?”

(Севярынец: ) “Мітынг будзе ля Акадэміі Навук. Там пачыналася большасьць апошніх Чарнобыльскіх шляхаў, і гэта будзе клясычнае завяршэньне Чарнобыльскага Шляху 2001”.

(Караткевіч: ) “Ці прысутнічаюць міжнародныя назіральнікі?”

(Сьвірко: ) “Я бачыў супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады, якія ішлі па ходніках, не зьяўляючыся ўдзельнікамі шэсьця. Таксама былі прадстаўленыя супрацоўнікі КНГ АБСЭ ў Менску, яны былі на аўтамабілях. Усіх удзельнікаў шэсьця найперш уражвае поўная адсутнасьць міліцыі.

Калёна наблізілася да Акадэміі Навук”.