17:20 У АКСАКАЎШЧЫННЕ АДКРЫЛІ НОВАЕ АДДЗЯЛЕНЬНЕ ДЛЯ ЦЯЖКА ХВОРЫХ ДЗЕТАК

Валер Каліноўскі, Менск

У клініку НДІ радыяцыйнай мэдыцыны, што ў Аксакаўшчыне пад Менскам, сёньня прыехалі самадзейныя артысты — дзеці й падлеткі з раёнаў, што пацярпелі ад Чарнобылю. Іхны канцэрт у межах акцыі "Ў будучыню з надзеяй" прайшоў у перапоўненай залі.

У фае актавай залі — малюнкі дзяцей, якія тут лечацца. На некаторых зь іх выразна праглядаецца ядзерная тэматыка: атамныя "грыбы", знакі радыяцыі…

У клініцы цяпер лечацца 150 дзяцей і 250 дарослых. Пераважна яны праходзяць тут рэабілітацыю пасьля інтэнсіўнага лячэньня і апэрацыяў. Тут пабылі каля 1 000 беларускіх дзяцей, хворых на рак шчытападобнай залозы.

Апошні час усё часьцей сюды трапляюць дзеці й дарослыя ня толькі з эндакрыннымі паталёгіямі, але і з вузлавымі захворваньнямі кісты, з адэномай, лейкеміяй, паталёгіяй гіпофізу, зьменамі імунавай сыстэмы. Тут выяўляюць і парушэньні храмасомнага апарату ліквідатараў і дзяцей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях. Гэтыя хваробы фіксуюць даволі часта.

Гаворыць намесьнік галоўнага доктара клінікі Ўладзімер Зазыба:

(Зазыба: ) "Калі параўнаць зь мінулымі гадамі — навукай ужо даказана й мы гэта бачым — выпадкі раку шчытападобнай залозы ды іншых паталёгіяў стала больш у дарослых і дзяцей менавіта пасьля аварыі на ЧАЭС.

Цяпер назіраецца нейкая стабілізацыя гэтых паталёгіяў, але першыя гады ў дзясяткі, нават у сотні разоў адзначаўся іхны рост, калі параўноўваць з пэрыядам да 1986 году".

Як паведаміў Уладзімер Зазыба, сёлета ў красавіку адкрылі новае дзіцячае аддзяленьне мэдыцынскай рэабілітацыі анкапаталёгіі на 30 месцаў. Абсталяваць яго дапамагла нямецкая дабрачынная арганізацыя "Сонца для дзяцей Чарнобылю".

Побач з галоўным корпусам клінікі закладзены падмурак новага стацыянара на 150 месцаў коштам 3,5 мільёна даляраў — гэтыя грошы сабралі італьянскія дабрачынныя арганізацыі. Праўда, Уладзімер Зазыба адзначае, што ўвогуле актыўнасць замежных дабрачынных арганізацыяў апошнім часам паменшала.

У новым дзіцячым аддзяленьні рэабілітацыі анкалягічна хворых таксама быў самадзейны канцэрт — перад абедам хлопцы сабраліся з гітарай. Паша Альшэўскі з Лунінецкага раёну сказаў:

(Альшэўскі: ) "Я прыехаў з Лунінецкага раёну зь вёскі Лахва, мне 16 гадоў, вучуся ў дзясятай клясе, люблю спорт і музыку".

Паша тут ужо восьмы раз. Яму нядаўна выдалілі шчытападобную залозу. Усё жыцьцё яму трэба прымаць адмысловыя лекі — тэраксін.

Баярчук Дзіма прыехаў з Горадні, ён зь дзяцінства хварэе на гемафілію… Увогуле пра хваробы дзеці гавораць неахвотна, за доўгі час яны прывыкаюць да шпітальнага побыту. Як кажуць мэдычныя сёстры, некаторыя нават плачуць, калі трэба вяртацца дадому.