Усе пяцёра палітыкаў пакуль адмаўляюцца камэнтаваць пагадненьне і нават агалошваць ягоны тэкст. Яны дамовіліся, што пра ўсе падрабязнасьці распавядуць толькі 3 траўня, у часе сумеснай прэсавай канфэрэнцыі.
Аднак нам удалося здабыць поўны тэкст звароту "пяцёркі" да суайчыннікаў. У дакумэнце тлумачыцца, чаму патэнцыйныя кандыдаты лічаць неабходнай каардынацыю дзеяньняў.
На думку палітыкаў, гэта трэба дзеля вываду краіны з крызысу і пад'ёму нацыянальнай эканомікі; рэальнага падвышэньня дабрабыту людзей, пераадоленьня беднасьці й галечы; ліквідацыі чыноўніцкага бяспраўя і карупцыі, перасьледу іншадумцаў; разьвіцьця ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва з Расеяй у саюзе дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў, дружалюбных адносінаў з краінамі Захаду, сьвету, пераадоленьня міжнароднай ізаляцыі Беларусі; вяртаньня ўлады народу, умацаваньня мясцовых Саветаў і органаў самакіраванья.
Першапачаткова плянавалася, што толькі трое прэтэндэнтаў — Уладзімер Ганчарык, Павал Казлоўскі й Міхаіл Чыгір — заявяць пра стварэньне цэнтрысцкай перадвыбарчай кааліцыі. Аднак да іх нечакана далучыліся Сямён Домаш і Сяргей Калякін.
Магчыма, што ўжо 3 траўня "пяцёрка" дасьць назоў свайму аб'яднаньню. Прапанаваны назоў "Адзінства" (аналягічны з расейскім) пакуль не задавальняе некаторых прэтэндэнтаў.