НЕКАТОРЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ АДМАЎЛЯЮЦЦА КУПЛЯЦЬ ПАЛІВА ДЛЯ КАЛГАСАЎ

Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле рашэньня аблвыканкаму №224 прадпрыемствы рэгіёну абавязаныя ахвяраваць на сяўбу 5 000 тон дызэльнага паліва: Беларускі мэталюргічны завод — 500 тон, Добрускі парцалянавы — 50 тон.

Дабрушане, бадай, першыя заявілі, што ня маюць сродкаў на сталыя ахвяраваньні. Працягвае галоўны інжынэр парцалянавага заводу Алег Парфянюк:

(Парфянюк: ) "Як я куплю 50 тон саляркі? Нават, каб я вельмі захацеў, то ў нас проста няма такіх грошай".

Ён распавёў, што нават вывезьці сьмецьце з заводу — праблема: цяжка знайсьці 30 літраў саляркі.

За даўгі прадпрыемству абмежавалі на 50% падачу газа і электраэнэргіі. Завод не пагасіў крэдыт 130 мільёнаў. Да таго ж камунальная гаспадарка гораду не вяртае прадпрыемству за цеплаэнэргію 35 мільёнаў, а беларускі гандаль за парцалянавы посуд наогул вінен заводу 284 мільёны рублёў.

На Беларускім мэталюргічным заводзе фінансавая сытуацыя, канечне, лепшая, чым у дабрушан. Аднак і мэталюргам не пад сілу падняць усю сельскую гаспадарку рэгіёну.

Намесьнік генэральнага дырэктара па інфармацыі Мікалай Аксёнаў распавёў, што летась у верасьні, калі Аляксандар Лукашэнка наведваў БМЗ, ён наказваў мэталюргам не чакаць малака й мяса для рабочых, а ўзяць адну-дзьве гаспадаркі на свой балянс і самім забясьпечыць калектыў харчамі.

Мэталюргі паслухаліся — узялі пад сваё крыло два калгасы й птушкафабрыку, у якіх агулам звыш 1 мільярда даўгоў. БМЗ зараз і арэ, і сее. Аднак "вэртыкальным" чыноўнікам гэтага мала. Распавядае Мікалай Аксёнаў:

(Аксёнаў: ) "Тое, што мы ўзялі гаспадаркі й вырашылі ўкладаць сродкі, каб атрымаць канкрэтны вынік, — гэта ўжо нікога не цікавіць. Яны ўсіх проста абавязалі купляць паліва. Хочуць, каб аддалі 180 тон Жлобінскаму раёну, 100 тон — Кармянскаму, 120 тон — Рагачоўскаму, 100 тон — Чачэрскаму. Мы й без таго бярэм крэдыты на падтрымку аграпрамысловага комплексу. Але ж бясконца гэта цягнуцца ня можа", — зазначыў Мікалай Аксёнаў.