“НАША СВАБОДА” ХОЧА НАБЫЦЬ “СЯРДЗІТАГА БАЦЬКУ”

Ігар Карней, Менск

Гісторыя атрымала працяг: рэдактар газэты “Наша свабода” Павал Жук выказаў намер купіць спрэчны паравоз.

Намер Генадзя Андрэева ператварыць гару мэталялёму ў атракцыён сутыкнуўся з актыўным супрацьдзеяньнем кіраўніцтва беларускай чыгункі. Усё астатняе камусьці можа здацца душэўнай неўраўнаважанасьцю й містыкай.

Андрэеў кажа, што ягоны паравоз хутка можа наўпрост паўплываць на лёс Беларусі. І падставай таго — прарочы сон, які абяцаў, што калі Андрэеў пасьпее прадаць паравоз да выбараў — Лукашэнка мусіць пакінуць рэзыдэнцыю на К.Маркса, 38. І, адпаведна, наадварот: не пазбавісься паравозу — Лукашэнка застанецца.

Першым на дастаткова незвычайны зварот, як ні дзіўна, адрэагаваў рэдактар газэты “Наша свабода” Павал Жук. Зьвязаўшыся са мной па тэлефоне, Жук рашуча канстатаваў: трэба ратаваць краіну! Маўляў, “Наша Свабода” гатовая набыць лёсавызначальны паравоз. Сёньня Генадзь Андрэеў пацьвердзіў, што папярэдняя размова паміж ім і Жуком сапраўды была. А вось што напярэдадні этэру паведаміў сам Павал Жук.

(Жук: ) "У мяне сапраўды ёсьць пляны набыць гэты паравоз, каб потым выкарыстаць яго дзеля прамоцыі газэты".

(Карэспандэнт: ) "Значыць, паравоз патрэбны выключна на патрэбы газэты?"

(Жук: ) "Ну чаму? Калі Лукашэнку скінем, машыністам яго тут уладкуем альбо качагарам. Пакуль гэта толькі ідэя, можа, і гаварыць зарана, бо была толькі тэлефонная размова".

Ведаючы схільнасьці Паўла Жука да пэрформансу, неўзабаве можна чакаць нейкай неардынарнай акцыі, дзе галоўным героем будзе паравоз пад назвай “Сярдзіты бацька”.