ШОСТЫ МІЖНАРОДНЫ ФЭСТЫВАЛЬ ЖАНОЧАГА КІНО АДКЛАДЗЕНЫ ДА НАСТУПНАГА ГОДУ

Юрась Барысевіч, Менск

Не знайшлі сродкаў на падтрымку праваабарончага кіно і беларускія фірмы, якія раней дапамагалі фэстывалю — у тым ліку “Белардызайн” і “Атлянт-М”. Міністэрства культуры сёлета фінансуе толькі тры кінафэстывалі: “Залаты віцязь”, “Лістапад” і кінапраграму “Славянскага базару”, у адкрыцьці якіх будзе браць удзел Лукашэнка.

У Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва праходзіць выстава эскізаў да найлепшых нямецкіх мультфільмаў. Сярод найбольш цікавых экспанатаў — сцэны пакаяньня былога лідэра Ўсходняе Нямеччыны Эрыха Хонэкера, споведзь якога выслуховае сам Папа Рымскі, а таксама — лялькі зь фільму “Бацька Убю”, сюжэт якога распавядае пра задушэньне польскай рэвалюцыі царскімі войскамі.

Беларускае таварыства Чырвонага крыжа абвесьціла конкурс эсэяў “Нават у вайны ёсьць межы”. У конкурсе могуць браць удзел студэнты ва ўзросьце да 21 году. Галоўнай тэмай эсэя мусіць быць павага да правоў чалавека ў любых экстрэмальных абставінах. Конкурсныя творы аб’ёмам ня больш за 3 старонкі прымаюцца да 25 красавіка.

У Дзяржаўным тэатры лялек прайшла прэм’ера спэктаклю “Тыграня Петрык” паводле п’есы польскай пісьменьніцы Ганны Янушэўскай. Дзеяньне пастаноўкі Ўладзімера Грамовіча адбываецца ў краіне Зьвярыніі, дзе мужнае тыграня ратуе сваю хворую маці. Гэта першы ва Ўсходняй Эўропе спэктакль, створаны ў жанры каляровага ценявога тэатру, аздобленага элемэнтамі мультыплікацыі ды радыётэатру.

Беларуская Музычная Альтэрнатыва выпусьціла трэці альбом у культавай сэрыі “Вольныя танцы”. Прэзэнтацыя кампакт-дыску з удзелам лепшых беларускіх рок-гуртоў пройдзе ў клюбе “Рэактар” 13 і 15 красавіка. Тыя, хто набудзе гэты альбом на прэзэнтацыі, атрымае ў падарунак новы музычны часопіс POST’R.

Досыць дзіўная выстава адчынілася ў Музэі сучаснай беларускай скульптуры імя Андрэя Бембеля. У адной залі сышліся ілюстрацыі да твораў беларускай літаратуры, якія ў вольную гадзіну малюе вакаліст рок-гурта “Барадаты Грынвіч” Уладзімер Банько, жывапіс іканапісца Валер'я Сямёнава і скульптуры камнячоса Аляксандра Козела. Для аўтара соцень надмагільных помнікаў Аляксандра Козела гэта першая выстава за межамі могілак.