КАНФЭРЭНЦЫЯ Ў СПРАВЕ НАСТУПСТВАЎ ЧАРНОБЫЛЯ Ў ГОМЕЛІ КАНСТАТУЕ РЭЗКІ РОСТ ЗАХВОРВАНЬНЯЎ НА РАК У БЕЛАРУСІ

Казімер Яноўскі, Гомель

Афіцыйна ўжо прызналі, што Чарнобыльская катастрофа спрычынілася найперш да такой цяжкай хваробы як рак шчытападобнай залозы. Гэтая тэма ў паўсотні заяўленых навуковых дакладаў і паведамленьняў займае важнае месца. На жаль, гэтак жа і ў рэальным жыцьці. Мэдычны маніторынг адзначае, што рак шчытападобнай залозы дзяцей у 33 разы перавысіў узровень, што быў да аварыі, а ў дарослых — у 7 разоў.

Як вынікала з дакладу дырэктара Навукова-дасьледчага інстытуту гематалёгіі Ўладзімера Гапановіча, вучоных непакоіць падвышэньне хваробаў крыві й крыветворных тканак. Надзвычай часта рэгіструецца лейкемія — адна з хваробаў крыві.

Уладзіслаў Астапенка, дырэктар Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны й эндакрыналёгіі, выказаўся на гэты конт так:

(Астапенка: ) "Магчыма, яшчэ адным наступствам радыяцыі ёсьць і лейкемія".

Але й гэта яшчэ ня ўсё. У дзяцей выяўляюць розныя прыроджаныя анамаліі. У дарослага насельніцтва — хваробы органаў дыханьня, страваваньня ды іншыя. У жанчын пачасьціліся захворваньні на рак грудзей.

Практычная мэдыцына патрабуе зараз перагледзець практыку фінансаваньня —больш сродкаў даваць на лекі, падрыхтоўку кадраў, сучасныя тэхналёгіі лячэньня, а не на будоўлю шпіталяў.

Але асаблівай увагі патрабуе харчаваньне насельніцтва. Зараз на забруджаных тэрыторыях людзі спажываюць малако, мяса, ня кажучы ўжо пра так званыя дары лесу, якія наогул нельга есьці. Толькі ў Лельчыцкім раёне забруджанае радыяцыяй малако й мяса ўжываюць у 40 вёсках.

Калгасы й саўгасы Хойніцкага раёну атрымалі летась 95% збожжа, якое з-за стронцыю й цэзію нельга есьці. А ўсяго ў рэгіёне 117 гаспадарак (амаль траціна) вырошчваюць збожжа й бульбу зь перавышэньнем нават дапушчальных узроўняў забруджваньня радыёнуклідамі.

Відавочна, што адна мэдыцына ня здолее аслабіць наступствы Чарнобыля. Гэта зразумела цяпер ня толькі вучоным.