НЯМЕЦКІ ОРДЭН — БЕЛАРУСКАМУ ПЕРАКЛАДНІКУ ВАСІЛЮ СЁМУХУ

Валянціна Аксак, Менск

Любоў пачалася зь нянавісьці, якую нарадзіла асабістая трагедыя — нямецка-фашысцкія захопнікі забілі родных Васіля Сёмухі. Крыху пасталеўшы, ён рашыў вывучыць мову сваіх ворагаў, каб знайсьці адказ: чаму й за што яны забівалі. А мова непазьбежна прывяла хлопца да шэдэўраў нямецкае літаратуры, у якой ён знайшоў тыя ж боль і трагізм, што жылі і ў ягонай душы.

Першым у лік любімых патрапіў Гётэ. Дзеля яго выпускнік пружанскае дзесяцігодкі Васіль Сёмуха нават адважыўся на непрыгожы ўчынак, у якім ён сёньня на цырымоніі ганараваньня ў рэзыдэнцыі нямецкага амбасадара Хорста Вінкельмана публічна пакаяўся.

(Сёмуха: ) "Я выпісаў праз пружанскую раённую бібліятэку з Цэнтральнай бібліятэкі Беларусі томік твораў Гётэ на нямецкай мове. Пад канец чытаньня я выразаў з гэтага томіка першую частку “Фаўста”. Кніжку акуратна падклеіў, так што ніхто нічога, думаю, і не заўважыў. Выразка тая і цяпер у мяне захоўваецца.

Каюся ва ўчыненым, але думаю, што ўвесь далейшы мой шлях быў пакаяньнем. І нават калі б тут былі работнікі Цэнтральнае бібліятэкі, то спадзяюся, яны мне даравалі б мой учынак. Бо зрабіць гэта мяне змусіла вялікае зацікаўленьне “Фаўстам”. Праўда, што менавіта мяне там прывабіла, я ўжо не памятаю".

Аднак галоўнае, што зваба тая "Фаустам" спарадзіла жыцьцёвы выбар, які прывёў хлапца на перакладніцкі факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту, які ён скончыў з цьвёрдым перакананьнем, што нямецкія клясыкі мусяць гаварыць і па-беларуску.

Пасьля выданьня ў Беларусі поўнага перакладу "Фаўста" таварыства нямецка-савецкае дружбы рашыла зрабіць у Вэймары ў доме Гётэ беларускі куток.

На цырымонію адкрыцьця запрасілі Васіля Сёмуху, якому там жа зьбіраліся ўручыць і прысуджаны яму за пераклад "Фаўста" знак з арыгінальным назовам "Шпілька Гонару". Гэтая шпілька такі ўкалола перакладніка, бо савецкія чыноўнікі вырашылі, што замест Сёмухі ў ГДР паедуць яны. Але немцы, дазнаўшыся пра тое, павялі сябе годна ды скасавалі наагул тую дэлегацыю.

Укол чыноўніцкіх шпілек не астудзіў любові да нямецкае культуры. І ў хуткім часе па-беларуску загаварылі Томас Ман і Фрыдрых Дзюрэнмат, Густаў Майнрынк і Герман Гесэ, Моніка Марон і Патрык Зюскінд. Сёньня сп. Сёмуха падзяліўся з намі апошняй творчай таямніцай:

(Сёмуха: ) "Я закончыў пераклад кнігі, якая ўваходзіць у дзясятку фаўстаўскіх кнігаў, якія я пераклаў ( іх трэба чытаць разам, каб зразумець ідэю Фаўста). Гэта кніга пра нямецкую інтэлігенцыю першых гадоў усталяваньня фашызму. Называецца яна “Мэфісто”. А напісаў яе ў эміграцыі сын Томаса Мана Клаус.

Чым яна мяне прывабіла? Тым, што ў ёй я не знайшоў аніякіх алегорый, а толькі жывых пэрсанажаў часоў дыктатуры. Хоць кніга напісаная пра фашысцкую Нямеччыну 30-х гадоў, але карціны настолькі сучасныя, што я бачу ейных пэрсанажаў сярод сваіх сёньняшніх знаёмых. Жывыя пэрсанажы Нямеччыны тых часоў — вось ён, ён, ён", — сказаў у эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё ганараваны сёньня ордэнам "За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай" беларускі перакладчык Васіль Сёмуха.