У ГОРАДНІ ПАЧАЎСЯ СУД НАД СЬВЯТЛАНАЙ НЕХ ЗА МІТЫНГ 25 САКАВІКА

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Распачалося паседжаньне з таго, што Сьвятлана Нех запатрабвала для сябе перакладчыка. Аднак судзьдзя Сяргей Ярашэвіч упарта даводзіў, што яна вывучала расейскую мову, і можна абыйсьціся без перакладчыка. Нечакана ня вытрымаў сам судзьдзя і стаў задаваць свае пытаньні на беларускай мове.

Паводле міліцэйскага пратаколу, Сьвятлана Нех арганізавала 25 сакавіка недазволеную дэманстрацыю, аднак яна паведаміла суду, што шэсьце да месца правядзеньня мітынгу вялі і накіроўвалі афіцэры міліцыі. Былі заслуханыя сьведкі з боку міліцыі, тыя, што складалі пратакол. Зь іх паказаньняў, аднак, не вынікала, што Сьвятлана Нех была арганізатарам дэманстрацыі.

Судзьдзя Сяргей Ярашэвіч вырашыў прагледзець відэакасэты, зьнятыя міліцэйскімі апэратарамі 25 сакавіка.