АБРАБАВАЛІ МЕНСКІ ОФІС БЕЛАРУСКАГА ГЕЛЬСЫНСКАГА КАМІТЭТУ

Любоў Лунёва, Менск

Старшыня Гельсынскага камітэту Тацяна Процька паведаміла Радыё Свабода, што праца офіса пэўны час будзе паралізаваная. Кампутары захоўвалі важную інфармацыю: справаздачы пра давыбары ў "палату прадстаўнікоў", маніторынг парушэньняў падчас выбарчай кампаніі, зьвесткі пра сетку выбарчых участкаў і назіральнікаў у рэгіёнах.

(Процька: ) "Амаль усё ў нас дублявалася на касэтах, і празь нейкі час можна будзе ўсё аднавіць. Але прыём грамадзян на пэўны час давядзецца спыніць. Непрыемна ня толькі, што зьнікла маёмасьць, а й тое, што злачынцы ня будуць пакараныя. Праваахоўчыя органы рэкамэндуюць у такіх выпадках адно — ставіць усё пад ахову, а пошукі не даюць ніякіх гарантыяў. Вось і тыя расьсьледаваньні 11 абрабаваньняў офісаў грамадзкіх арганізацыяў не далі станоўчых вынікаў. Злодзеяў не знайшлі".

Пасьля звароту сяброў БГК у міліцыю першымі ў офіс прыехалі супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Але іх цікавілі найперш пытаньні, зьвязаныя з арэнднай платай. Жыхары дому паведамілі, што чулі, як а другой гадзіне начы нехта выбіў дзьверы офісу. Яны бачылі й машыну на вуліцы, куды заносілі тэхніку з офіса. Але міліцыі ніхто зь іх ня выклікаў.

Тацяна Процька лічыць, што гэта звычайнае рабаўніцтва, не зьвязанае зь дзейнасьцю праваабарончага камітэту.