ПАКУЛЬ ЗША ДЭПАРТУЮЦЬ РАСЕЙСКІХ ДЫПЛЯМАТАЎ, МЗС БЕЛАРУСІ НЯ ХОЧА ЎМЕШВАЦЦА І ЧАКАЕ ДЭЛЕГАЦЫЮ З NATO

Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшнім брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў ягоны прэсавы сакратар Павал Латушка гэтак адказаў на просьбу пракамэнтаваць скандал з выдварэньнем расейскіх дыпляматаў з тэрыторыі ЗША:

(Латушка: ) "Так, мы лічым, што любое выдварэньне дыпляматаў — прадстаўнікоў дзяржавы — можа адмоўна адбіцца на разьвіцьці двухбаковых стасункаў, аднак я б хацеў яшчэ раз падкрэсьліць, што мы разглядаем гэтае пытаньне праз двухбаковыя стасункі ЗША ды Расеі".

Яшчэ на брыфінгу стала вядома, што ў нядзелю на Дзень Волі ў Менск прыедзе дэлегацыя Парлямэнцкае асамблеі NATO. Паводле словаў Паўла Латушкі, "адной з галоўных мэтаў візыту зьяўляецца ўсталяваньне першага кантакту з новым складам Нацыянальнага сходу".

У дэлегацыю ўваходзяць дэпутат нямецкага бундэстагу, кіраўнік дэлегацыі Нямеччыны ў Парлямэнцкай асамблеі NATO Маркус Мэкель і старшыня падкамітэту ў справах дэмакратычнага кіраваньня Эліс Мэхон.

(Латушка: ) "Асноўнымі пытаньнямі, якія плянуюць абмеркаваць парлямэнтары NATO, зьяўляюцца: адносіны Беларусі ў сфэры бясьпекі з Расеяй, Украінай і краінамі Балтыі, узровень і пэрспэктывы супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з NATO і ў рамках Рады Эўраатлянтычнага партнэрства, стаўленьне Беларусі да пашырэньня альянсу, сацыяльна-палітычная й эканамічная сытуацыя ў краіне".

Павал Латушка дадаў, што прадстаўнікі Парлямэнцкае асамблеі NATO сустрэнуцца зь міністрам замежных справаў Міхалам Хвастовым, зь іншымі афіцыйнымі асобамі, а таксама з прадстаўнікамі апазыцыйных колаў, прэсы, палітычных партыяў, грамадзкіх рухаў і незалежных дасьледчых інстытутаў.

Акрамя расейска-амэрыканскага скандалу, мажліва, разгортваецца яшчэ беларуска-ўкраінскі. Лукашэнкаў памочнік Сяргей Посахаў зьезьдзіў у Кіеў ды заявіў у інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню, што ва Ўкраіне адбываецца барацьба двух клянаў — прэзыдэнта Леаніда Кучмы ды прэм'ер-міністра Віктара Юшчанкі, прычым апошні ёсьць клянам праамэрыканскім.

Паводле Посахава, ва ўсіх украінскіх установах сядзяць амэрыканскія дарадцы. Сёньня Лукашэнкаў памочнік паўтарыў гэта на прэсавай канфэрэнцыі:

(Посахаў: ) "Празьмерны ўплыў амэрыканскага чыньніка на Ўкраіну, гэтую занепакоенасьць сёньня падзяляюць усе тры нашыя дзяржавы — Расея, Украіна й Беларусь. Калі ўжо на ўзроўні Расейскае Фэдэрацыі сёньня — вы чуеце — гэтая драма разгортваецца, ледзь не паўамбасады з Вашынгтону выдвараецца, — у нас тут, вядома, свае размовы, свае праблемы з амэрыканскім уплывам, хаця ён, вядома, не такі татальны".

Ужо вядома, што на гэтыя выказваньні Посахава нэгатыўна рэагуе Ўкраіна.