АРМІЯ ЎГАНДЫ РАСПАЧАЛА ПРАВЕРКУ САМАЛЁТАЎ МІГ-21, ЯКІЯ БЫЛІ НАБЫТЫЯ Ў БЕЛАРУСІ

Юры Сьвірко, Менск

Cкандалы вакол былых беларускіх узбраеньняў, прададзеных у краіны Афрыкі ды Лацінскае Амэрыкі, сталі звычайнай справай. 13 сакавіка ў Пэру разьбіўся МіГ-29, які разам зь яшчэ сямнаццацьцю машынамі гэтай жа мадэлі купіў у Беларусі ўрад прэзыдэнта Альбэрта Фухіморы.

Цяпер пэруанскі кангрэс расьсьледуе факты карупцыі ў атачэньні былога прэзыдэнта, і ці не найбуйнейшым з гэтых фактаў лічыцца пакупка МіГаў у Беларусі. Паводле зьвестак камісіі кангрэсу, праз гэтую зьдзелку беларускія гандляры зброяй атрымалі каля 100 мільёнаў даляраў.

Падобная гісторыя здарылася ва Ўгандзе, дзе парлямэнт хацеў летась расьсьледаваць пакупку ў Беларусі няспраўных верталётаў. Аднак угандыйскіх дэпутатаў проста не пусьцілі на месца продажу — беларуская амбасада ў Лёндане адмовілася напрыканцы мінулага году выдаць ім візы.

Паводле словаў падпалкоўніка ўгандыйскае арміі Фінэаса Катырымы, праверка самалётаў МіГ-21 ладзіцца з дапамагаю замежных інструктараў, чыё грамадзянства трымаюць у таямніцы.

"Яны распачалі тэставаньне й выпрабаваньне на двух самалётах-зьнішчальніках МіГ-21, якія купіў наш урад. Але я ня ведаю, колькі гэтае выпрабаваньне працягнецца", — сказаў спадар Катырыма.

Іншыя крыніцы ў авіяцыі Ўганды сьцьвярджаюць, што зробленыя ў Расеі ды прададзеныя Беларусьсю ў 1998 годзе чатыры МіГі былі нядаўна мадыфікаваныя ў Ізраілі. Летась групу ўгандыйскіх пілётаў накіравалі ў Ізраіль, каб яны навучыліся лятаць на МіГах.

Пэруанцам жа МіГі прадавалі праз грамадзяніна Ізраілю Мошэ Ротшыльда, які стала жыве ў Пэру ды працуе прадстаўніком фірмы "Мабэтэк Рэпрэсэнтасьёнэс". Гэтая фірма займаецца перапродажам узбраеньняў і, паводле зьвестак італійскае газэты La Republica, зьвязаная зь "Лімскім картэлем" ды іншымі структурамі пэруанскае наркамафіі.