ЛУКАШЭНКА ЗАЯВІЎ, ШТО СУПРАЦЬ ЯГО ДЗЕЙНІЧАЮЦЬ НЯ ТОЛЬКІ ЗАХОДНІЯ, АЛЕ Й РАСЕЙСКІЯ СПЭЦСЛУЖБЫ

Юры Сьвірко, Менск

Увечары пасьля шматгадзінавае нарады з кіраўнікамі сілавых структураў дзяржаўнае тэлебачаньне паказала кароткую справаздачу пра гэтае мерапрыемства, куды трапіў наступны фрагмэнт прамовы Аляксандра Лукашэнкі:

(Лукашэнка: ) "У іх зьявіўся паляўнічы азарт! Яны сёньня закусілі ўдзіла — і маскоўскія, а іх там хоць пруд прудзі, — расейскія, і спэцслужбы заходнія, што ў нас знаходзяцца, плянуюць і разварочваюць шырокамаштабныя акцыі супраць Беларусі".

Гэтыя словы спадара Лукашэнкі могуць быць абмоўкаю, аднак у тэлевізійную справаздачу такія памылкі звычайна не трапляюць. З гэтых словаў можна зрабіць выснову, што палююць на Лукашэнку ўжо ня толькі заходнія спэцслужбы, але й маскоўскія ды расейскія.

Але ж у межах Садружнасьці незалежных дзяржаваў існуе дамова, што спэцслужбы не працуюць адна супраць адной. Гэта забаронена, ці ня так? — спытаўся я ў кіраўніка Цэнтру інфармацыі ды грамадзкіх сувязяў КГБ Беларусі Фёдара Котава.

(Котаў: ) "Ня тое што забаронена, мы проста адмаўляемся ад работы адзін супраць аднаго — не вядзем выведчае дзейнасьці. У межах СНД дзейнічае рада кіраўнікоў органаў бясьпекі й спэцслужбаў — гэтак званы СОРБ.

Наступнае паседжаньне гэтага калектыўнага органу пройдзе ў траўні ў Менску. А ўсяго, што кажа прэзыдэнт, я не камэнтую. Дакладней, нічога з таго, што кажа прэзыдэнт, я не камэнтую. Гэта прэрагатыва прэсавага сакратара прэзыдэнта", — заявіў Фёдар Котаў зь беларускага КГБ.

А вось які камэнтар да заявы Аляксандра Лукашэнкі пра расейскія спэцслужбы даў мне ягоны прэсавы сакратар Мікалай Барысевіч:

(Барысевіч: ) "Пра расейскія спэцслужбы гаворка там не ішла. Там вялося пра тое, што па інфармацыі з Масквы ў Беларусі ды ў Расеі актывізуюцца спэцслужбы. Вось такі быў сэнс. Сэнс быў такі, што не расейскія спэцслужбы актыўнасьць праяўляюць сваю, а ўвогуле, што на тэрыторыі Расеі й Беларусі актывізуецца дзейнасьць спэцслужбаў, як падказалі з Расеі.

Я прапаную вам яшчэ раз уважліва паслухаць, бо там "па інфармацыі з Масквы на тэрыторыі Расеі й Беларусі актывізуюць дзейнасьць спэцслужбы ў дачыненьні да Беларусі". Сэнс такі".

(Карэспандэнт: ) "Расейскія спэцслужбы ня меліся на ўвазе?"

(Барысевіч: ) "Не, расейскія ня меліся на ўвазе. Я вам прапаную ізноў уважліва паслухаць, там было даволі дакладна сказана: "па інфармацыі з Масквы".

Аднак некаторыя прадстаўнікі беларускае апазыцыі ўжо некалькі гадоў кажуць, што расейскія спэцслужбы дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі.

Мажліва, спадар Лукашэнка сказаў тое, чаго не хацеў казаць.