КААЛІЦЫЯ ЖАНОЧЫХ НЯЎРАДАВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ БУДЗЕ НАЗІРАЦЬ ЗА ПРЭЗЫДЭНЦКІМІ ВЫБАРАМІ

Ганна Соусь, Менск

Сёньня адбылося рабочае паседжаньне прадстаўнікоў жаночых арганізацыяў, якія ўвойдуць у склад Кааліцыі жаночых няўрадавых арганізацыяў дзеля правядзеньня свабодных выбараў прэзыдэнта Беларусі.

У складзе кааліцыі — Жаночы незалежны дэмакратычны рух, Беларуская арганізацыя працоўных жанчын, Усебеларуская жаночая ліга, Беларускі жаночы рух "Адраджэньне Айчыны" ды іншыя. Мэту стварэньня Кааліцыі тлумачыць старшыня Беларускага жаночага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна.

(Пеціна: ) "Жанчыны ўдзельнічаюць ва ўсіх палітычных кампаніях. Іх вельмі часта выкарыстоўваюць палітычныя партыі ды розныя арганізацыі. Але жанчыны самі пакуль што ня мелі магчымасьці ўплываць на хаду гэтых працэсаў.

Жаночы рух у Беларусі мае даволі сталыя структуры, шмат жаночых арганізацыяў маюць вялікія людзкія ды тэхнічныя рэсурсы. Дзеля таго, каб мы маглі працаваць ды рэальна ўплываць на працэсы, і, самае галоўнае, каб з гэтай рэальнай сілай лічыліся, мы і ўтвараем вось гэтую кааліцыю".

Кааліцыя аб'яднае некалькі дзясяткаў тысячаў сябраў жаночых няўрадавых арганізацыяў, якія будуць назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі.

Распавядае намесьніца старшыні Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) "Наша арганізацыя заявіла пра ўдзел агульнай сыстэмы назіраньня. І мы, мабыць, як самая структураваная жаночая арганізацыя (маем структуры ў 30 гарадах Беларусі), для сябе сфармулявалі задачу — вылучыць на гэтыя прэзыдэнцкія выбары, як мінімум, 3 000 назіральнікаў.

Зараз мы ўжо правялі ў 15 гарадах Беларусі першыя сэмінары, на якіх тлумачым людзям нюансы нашага выбарчага заканадаўства й прапануем усім удзельнічаць у выбарах у якасьці назіральнікаў.

Нехта распаўсюджваў чуткі сярод жанчын, што назіральнікаў могуць пэўным чынам пакараць, напрыклад, з працы выгнаць. І мы тлумачым жанчынам, што за парлямэнцкія выбары не было ніводнага выпадку, каб назіральніка выгналі ці вымову аб’явілі на працы. А як толькі страх ад жанчыны сыходзіць, яна ўжо зусім другая".

Паводле Ірыны Жыхар, будзе створаная й адмысловая служба прававой дапомогі тым, хто ўдзельнічае ў выбарчым працэсе.

Кааліцыя жаночых няўрадавых арганізацыяў плянуе навязаць сталыя кантакты з Каардынацыйный радай дэмакратычных сілаў ды Асамблеяй дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў.

На гэтых выбарах жаночая Кааліцыя не зьбіраецца вылучаць свайго кандыдата на прэзыдэнта — жанчыну, бо гэта, паводле Людмілы Пецінай, пакуль нясвоечасова.

(Пеціна: ) "Жыцьцё не сканчаецца сёлетнімі прэзыдэнцкімі выбарамі. Нашая задача — прасоўваць жанчын у сфэру прыняцьця рашэньняў.

Мы мусім выйсьці на наступныя выбары са сваімі падрыхтаванымі кандыдатамі. Гэта наша сумесная праца на будучыню. Я думаю, што наступным кандыдатам на прэзыдэнта ад жаночай кааліцыі, безумоўна, будзе жанчына".

Дамова пра стварэньне Кааліцыі жаночых няўрадавых арганізацыяў будзе падпісаная на наступным тыдні.