БЕЛАРУСЫ НЬЮ-ЁРКУ ПРАВЯЛІ ДЭМАНСТРАЦЫЮ З НАГОДЫ ДНЯ ДЭПАРТАЦЫІ ЧАЧЭНЦАЎ

Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Асноўныя лёзунгі “Свабоду Беларусі, незалежнасьць Чачэніі”, “Прэзыдэнт Буш, спыні фінансаваньне і дапамогу інтэрвэнэстычнай Расеі. Амэрыка, дапамажы Чачэніі”.

Перад тымі, хто сабраўся на дэманстрацыю, выступіў Зянон Пазьняк. Я даю яму мікрафон, каб ён патлумачыў асноўныя мэты сёньняшняй акцыі:

(Пазьняк: ) “Сёньняшняя акцыя ёсьць міжнародная акцыя, прымеркаваная да Дня дэпартацыі чачэнцаў. Ініцыятарам гэтай акцыі выступіў Камітэт “Польшча-Беларусь” імя генэрала Станіслава Булак-Булаховіча, які ўтвораны ў Польшчы, і ў які ўваходзяць Беларускі Народны Фронт і Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ. Вельмі неабходна адзначыць, што мы выступаем за незалежнасьць Чачэніі і свабоду Беларусі разам, таму што палітыка, якую праводзіць Расея ў Чачэніі, і палітыка, якую яна праводзіць у Беларусі, ёсьць адна і тая ж палітыка, толькі праводзіцца яна рознымі мэтадамі. Таму мы падтрымліваем усіх, хто змагаецца за сваю свабоду супраць расейскага імпэрыялізма”.

Дэманстрацыя працягваецца сьпяваньнем беларускіх песьняў.