ЦІ МАГЧЫМЫЯ РЭФОРМЫ Ў СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ

Вядучы — Віталь Цыганкоў, Менск

У размове бяруць удзел старшыня незарэгістраванай Беларускай сялянскай партыі Яўген Лугін, карэспандэнт расейскай газэты "Крестьянские ведомости" Анатоль Гуляеў і аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

(Цыганкоў: ) "Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам краіны пра дасканаленьне аграпрамысловага комплексу.

Лукашэнка адразу адзначыў, што буйныя сельскагаспадарчыя вытворчасьці неўзабаве зробяцца асновай АПК Беларусі.

Разам з тым кіраўнік Беларусі заявіў пра гатовасьць ісьці на "самыя карэнныя, радыкальныя дзеяньні" што да стратных гаспадарак — аж да зьмены форм уласнасьці дзеля падвышэньня рэнтабэльнасьці.

Як мяркуеце, ці можа цяперашняя ўлада пайсьці на кардынальныя зьмены ў сельскай гаспадарцы? Калі ласка, спадар Лугін".

(Лугін: ) "Калгасная сыстэма даўно сябе вычарпала. І гэта ведаюць усе — сяляне, кіраўнікі, навукоўцы. Але Лукашэнка баіцца зачапіць калгасы перад выбарамі. Ён без калгасаў баіцца ісьці на выбары — вось прычына, чаму ён іх не чапае, хаця й сам разумее, што яны здохлі.

У сакавіку 1998 году на вялікай нарадзе Лукашэнка публічна заявіў, што калгасы й саўгасы — ня толькі гаспадарчыя суб’екты, але й органы ўлады на сяле. І калі, маўляў, мы гэтыя органы разбурым, то як мы будзем сваю палітыку праводзіць у сельскай мясцовасьці".

(Цыганкоў: ) "Спадар Гуляеў, як вы мяркуеце — ці сапраўды беларускае кіраўніцтва разумее, што без рэформаў сельская гаспадарка проста памірае?

Пра гэта сьведчаць пэўныя заявы, напрыклад, Ярмошына ў Арлоўскай вобласьці Расеі, дзе беларускі прэм’ер гаварыў пра карысьць прыватнай уласнасьці для зямлі. І калі кіраўніцтва разумее гэта — што яно можа рабіць і што будзе рабіць?"

(Гуляеў: ) "Кіраўніцтва разумее, бо яно ў нас не такое дурное.

Але рэч у іншым. На тое, каб грунтоўна рэфармаваць сельскую гаспадарку, ніколі ня пойдзе найвышэйшы кіраўнік Беларусі — і прычына вельмі простая. Бо што такое рэфармаваць? Гэта ўвесьці інстытут уласнасьці на зямлю. Бяз гэтага ня ўключыцца дэмакратычны інтарэс і гэтак далей. А ўводзіць уласьніка — значыць, дзяліцца зь ім уладай, іначай нічога ня выйдзе.

Давайце згадаем Старавойтава, Лявонава — адкуль усё пачалося. Падаткі Старавойтава складалі сярод усіх падаткаў Кіраўскага раёну 48%. І калі старшыня раёнага, абласнога выканкаму ці іншыя чыноўнікі прыяжджалі да яго, ён казаў: "Я вам аддаў падаткі — далей мая справа".

Дзяліцца ўладай з уласьнікам — найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі сёньня на гэта ня пойдзе, бо трэба гэтую ўладу аддаваць".

(Цыганкоў: ) "Спадар Карбалевіч, якія перамены патрэбныя ў сельскай гаспадарцы і на што гатовая пайсьці сёньняшняя ўлада?"

(Карбалевіч: ) "Ёсьць аксыёма — рэформы пачынаюцца тады, калі заканчваюцца грошы. Грошы заканчваюцца, таму праблема рэформаў паўстае перад уладай. Я лічу, што й грамадзтва, і палітычная ды эканамічная эліты сёньня ўжо сасьпелі да рэфармаваньня калгасна-саўгаснай сыстэмы.

Усё ўпіраецца ў палітыку. Калгасы — надзейны электарат, цьвёрдая падтрымка, гэта 31% насельніцтва краіны, якое жыве ў сельскай мясцовасьці й вельмі слухаецца вэртыкаль.

Менавіта перад выбарамі на прэзыдэнта чапаць гэтую структуру й пачынаць нейкія рэформы было бы палітычным самагубствам для Лукашэнкі. Перад выбарамі, думаю, ніякіх рэформаў ня будзе. А вось пасьля выбараў, калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, я не выключаю, што могуць пачацца нейкія зрухі, бо сапраўды — грошы заканчваюцца".

(Цыганкоў: ) "Сёньня Лукашэнка падчас нарады папярэдзіў урад, што дзяржава больш ня будзе ажыцьцяўляць грашовай эмісіі пад сэзонныя палявыя працы.

Аналітыкі разглядаюць такі варыянт як адно з магчымых рашэньняў праблемы эмісіі — махнуць рукой на пасяўную, засеяць палову палеткаў і аб’явіць гэта рэформай сельскай гаспадаркі.

Ці верыце, што дзяржава сапраўды больш ня будзе ажыцьцяўляць фінансавых укладаньняў у калгасную сыстэму? Прыгадваю, што нешта падобнае кажуць штовясну, але эмісія заўжды ёсьць".

(Лугін: ) "Дзяржава, безумоўна, будзе шукаць нейкіх сродкаў. Калі іх ня знойдзе, то ўключыць станок, але пасяўную правядуць. Я не вылючаю, што можа быць скарачэньне пасяўной плошчы, бо тут ёсьць вельмі цікавы факт. У нас у сельскай гаспадарцы дзейнічаюць два сэктары — калгасна-саўгасны й прыватна-сямейны. Увесь час апалягеты калгаснага ладу крычалі, што калгасы кормяць краіну.

Але цяпер сытуацыя зьмянілася. Прыватны сэктар, маючы 16% зямлі, вырабляе больш за палову сельскагаспадарчай прадукцыі. Такім чынам, лёзунг "калгасы кормяць краіну" губляе сэнс. І фактычна, калі б трошкі дадаць прыватнаму сэктару зямлі, калгасы ціха б памерлі, і ніхто гэтага б не заўважыў. Бо гэта не адбілася б на харчовым рынку. Так што я не выключаю, што нейкія часткі пасяўной плошчы засеюць травой ці пакінуць неўзараныя".

(Цыганкоў: ) "Спадар Гуляеў, пойдзе дзяржава на грашовую эмісію ці пачне скарачаць пасяўныя плошчы, як вы мяркуеце?"

(Гуляеў: ) "Што да скарачэньня пасяўных плошчаў — мінулы год таму прыкладам. Менская вобласьць уводзіла ўсё новыя плошчы, нягледзячы на тое, што не было чым іх апрацоўваць.

Зараз у Менскай вобласьці апрацоўваецца каля 60% усіх плошчаў, у ЗША — каля 20%, у Нямеччыне — каля 30%. Гэта проста марнаваньне грошай. Пасяўныя плошчы скарачацца ня будуць, я ўпэўнены.

Што да эмісіі. Калі хочам ураджаю хаця б 30 цэнтнэраў з гектару (я не кажу пра эўрапейскія 60 цэнтнэраў), трэба не 700 мільярдаў рублёў, пра якія гавораць чыноўнікі, а ў некалькі разоў болей. Нават пад гэткі мізэрны ўраджай трэба яшчэ грошай, а ўзяць іх няма дзе. Таму — будзе эмісія, я ў гэтым упэўнены".

(Цыганкоў: ) "Спадар Карбалевіч, ці пойдзе дзяржава на скарачэньне пасяўных плошчаў, як вы лічыце?"

(Карбалевіч: ) "Адмовіцца ад засеву вялікіх сельскагаспадарчых плошчаў — гэта псыхалягічна вельмі цяжкі крок для Лукашэнкі.

Гэта б разбурыла міт, створаны афіцыйнай беларускай прапагандай. Міт пра тое, што ва ўсіх суседніх краінах разбураная сельская гаспадарка, і толькі ў Беларусі яна трымаецца. Тут, маўляў, засяваюць усе плошчы, выплачваюць заробкі, захаваліся калгасы, і нават з суседняй Украіны прыяжджаюць людзі зарабіць.

Калі будзе зроблены крок да памяншэньня засеваў — гэта разбурыць міт, створаны цягам многіх гадоў, адмовіцца ад яго для Лукашэнкі будзе вельмі цяжка".

(Цыганкоў: ) "Калі казаць пра іншыя краіны — якія можна прывесьці лічбы, каб параўнаць вынікі сельскагаспадарчай дзейнасьці ў Беларусі і ў суседніх краінах?

Спадар Гуляеў, я ведаю, што вы даволі часта езьдзіце ў Літву, Украіну, Польшчу — вам слова".

(Гуляеў: ) "Ведаеце, тут калега казаў, што прыяждаюць з Украіны людзі… Я нядаўна быў ва Ўкраіне, і ведаю, што летась яны налічылі рост у сельскай гаспадарцы — пакуль невялічкі, 0,5%.

Але ж яны падлічылі, што сёлета выдаткі на палявыя работы будуць удвая меншыя як раней. Ва Ўкраіне калектыўных гаспадарак фактычна няма. За дзесяць гадоў адбыліся вялікія перамены — яны рэфармавалі сваю сельскую гаспадарку.

А Беларусь усе гэтыя 10 гадоў нічога не рабіла, нікуды не рухалася, толькі праядала тое, што было. Нашыя суседзі некуды рухаліся, нешта рабілі, а мы праядалі асноўныя сродкі. Гэта наша бяда. Калі мы пачнем рэформы, нам будзе горай за ўсіх. У нас будзе такі абвал, такое падзеньне ўзроўню жыцьця, што я баюся, яно можа прывесьці да найцяжэйшых вынікаў".

(Лугін: ) "Прывяду словы намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Пракопава, які сказаў, што калі мы ня вырашым праблемы прыватнай уласнасьці на зямлю, ніякіх зрухаў у сельскай гаспадарцы не адбудзецца.

Вось вам паказчык, што ўжо ўсе дасьпелі да гэтай думкі, і толькі адзін Лукашэнка стаіць, як жалезабэтонная сьцяна на шляху рэформаў".

(Гуляеў: ) "Калі спадар Яўген кажа, што ўсе дасьпелі, я хачу ўдакладніць — гэта эліта дасьпела. Але вельмі цяжка будзе, калі пойдуць рэформы. Бо тыя простыя людзі, што жывуць на вёсцы, тыя 31% глядяць на гэтую справу так: было шмат пераменаў, і ўсякая перамена толькі пагаршала жыцьцё простага чалавека.

Яны ў нечым маюць рацыю — нікуды ня дзенесься. Хоць што ёсьць — нейкая пэнсія, заробак, яны чапляюцца за гэта, і яны ведаюць, што калі будуць перамены, іхнае жыцьцё пагоршае. А яно пагоршае — гэта непазьбежна. І таму рэформы будуць ня простыя".

(Карбалевіч: ) "Працягваючы думку спадара Лугіна, хачу сказаць, што гаспадарнікі, у тым ліку зь Міністэрства сельскай гаспадаркі, глядзяць на сытуацыю з гледзішча эканамічнай мэтазгоднасьці. А Лукашэнка глядзіць на гэта з пазыцыі палітычнай мэтазгоднасьці. І гэтыя пазыцыі не супадаюць.

Хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што летась імпарт харчоў у Беларусь павялічыўся на 40%. Як трапна сказаў вядомы эканаміст Леанід Заіка, калгасна-саўгасная сыстэма дазволіцьбеларускаму насельніцтву купляць харчы, не забруджаныя радыёнуклідамі. Відаць, гэта адзіная карысьць калгаснай сыстэмы для Беларусі".