У ВІЦЕБСКУ МОЛАДЗЕВЫЯ ФРАКЦЫІ АГП І БНФ ДЭМАНСТРАВАЛІ АСОБНА

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Маладыя людзі раздавалі адмысловыя віншавальныя ўлёткі з інфармацыяй пра дзейнасьць АГП у Віцебску, а таксама сьвежы нумар “Гражданской газеты”.

Калярытная група з сэрцайкамі на грудзёх неаднаразова прыцягвала ўвагу і віцебскіх міліцыянтаў. Большасьць ахоўнікаў парадку весела прымала віншаваньні. Раздаўшы ўлёткі сябры АГП разышліся, а ўсе цікаўныя віцябляне пачалі сьцягвацца на ратушную плошчу, дзе мелася адбыцца несанкцыянаваныя акцыя Маладога Фронту.

Каля 17 гадзінаў вакол Ратушнай плошчы “прагульвалася” мноства міліцыянтаў, але арганізатары спазьняліся, і ўзмоцненыя сілы істотна парадзелі.

Нарэшце найбольш цярплівыя гледачы свайго дачакаліся ды атрымалі ў падарункі рознакаляровыя валянцінкі, прэзэрватывы ды паветраныя балёнікі. Калі старшыня віцебскай філіі Маладога Фронту Віктар Шляхцін разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг, да яго рушыў падпалкоўнік міліцыі Бугаёў ды запатрабаваў спыніць акцыю. Сьцяг прыхавалі, але моладзь, незважаючы на міліцыянтаў, працягвала раздаваць валянцінкі, сьцьвярджаючы тым самым, што каханьне непераможнае.