АБМЯРКОЎВАЕЦЦА ПАШЫРЭНЬНЕ ТРАНЗЫТУ РАСЕЙСКАЙ ЭЛЕКТРАЭНЭРГІІ ПРАЗЬ БЕЛАРУСЬ

Юры Сьвірко, Менск

7 лютага ў Вільні прэзыдэнт канцэрну “Белэнэрга” Яўген Мішук падпісаў з калегамі з Расеі ды трох краінаў Балтыі пагадненьне пра злучэньне энэргасыстэмаў усіх пяці краінаў.

З прычыны існаваньня ў Літве Ігналінскае АЭС фактычна захавалася адзіная старая савецкая энэргасыстэма. Цяпер трэба замацаваць гэта юрыдычна. Ужо створаная рабочая група, якая на гэтым тыдні будзе выпрацоўваць у Менску кампраміснае рашэньне, бо Літва занепакоеная патэнцыйным зацягваньнем яе ў інтэграцыйныя праекты СНД.

Паводле словаў Яўгена Мішука, шэраг літоўскіх палітыкаў выступае супраць энэргетычнага пагадненьня.

(Мішук: ) "Я не палітык, але Літва больш арыентуецца на Захад і на Амэрыку, вы гэта цудоўна ведаеце. Ды й пра NATO йдуць розныя размовы, у тым ліку пра ўступленьне ў Эўразьвяз", — заявіў прэзыдэнт “Белэнэрга”.

Мажліва, менавіта таму ён абмяркоўваў з кіраўніком Адзіных Аб’яднаных энэргасыстэмаў Расеі Анатолем Чубайсам праект будаўніцтва электралініі, якая абмінала б Літву — праўда, праз Польшчу, якая ўжо ў NATO.

(Мішук: ) "Абмяркоўвалі пытаньне паставак энэргіі ды будаўніцтва лініі зь Беларусі ў Калінінград", — зазначыў спадар Мішук і дадаў, што будаўніцтва лініі на 200 кілямэтраў з Горадні ў Калінінград сутыкаецца ў Польшчы зь цяжкасьцямі, бо зямля там прыватная й трэба яе выкупляць.

У будаўніцтве не зацікаўленая й Літва, таму што цяпер яна прадае электраэнэргію ў Калінінград. Ды ня толькі туды — летась Беларусь купіла больш як 700 мільёнаў кіляват-гадзінаў літоўскае электраэнэргіі.

А сёлета “Белэнэрга” купляе ўжо 200 мільёнаў кіляват-гадзінаў штомесяц. Але што найдзіўней:

(Мішук: ) "Там ёсьць яшчэ Расейскае акцыянэрнае таварыства “Аб’яднаныя Адзіныя энэргасыстэмы Расеі” — хоча купіць нібы оптам энэргію ў Літвы й прадаваць нам, але гэта яшчэ ў працэсе перамоваў", — паведаміў Яўген Мішук.

Пры гэтым Анатоль Чубайс адначасова вядзе перамовы з Украінаю пра павелічэньне аб’ёмаў транзыту расейскае электраэнэргіі на Захад ды перамовы зь Беларусьсю пра тое самае, але празь беларускую тэрыторыю.