(Эфір 18 Студзеня 2001)

Альгерд Невяроўскі, Менск

Справа ўзбуджаная паводле 367 артыкулу часткі 1 Крымінальнага кодэксу — абраза гонару й годнасьці й паклёп на прэзыдэнта Беларусі.

Справу расьсьледуюць сьледчыя пракуратуры й КГБ. Паводле рэдактара "Нашай свабоды" Паўла Жука, цяпер гэтая брыгада праводзіць сьледчыя дзеяньні, і нікога з супрацоўнікаў рэдакцыі на допыты пакуль не выклікалі.

Аднак спадар Жук лічыць, што неўзабаве ў пракуратуру выклічуць. На ягоную думку, сьледчым прыйдзецца добра папрацаваць, каб даказаць, што газэта "Наша свабода" паклёпнічала й абразіла гонар і годнасьць А.Лукашэнкі. Гаворыць Павал Жук:

(Жук: ) "Я думаю, што яны не зацікаўленыя ў тым, каб раскручваць гэтую справу. Таму што ім самым давядзецца даказваць, што мы зрабілі паклёп на прэзыдэнта.

Сытуацыя да таго ж такая, што ў гэтым выпадку вялося пра Лукашэнку, а не пра нейкага прэзыдэнта. Прэзыдэнт у Беларусі не абраны да гэтага часу, бо ягоныя паўнамоцтвы скончыліся 21 ліпеня 1999 году. А Лукашэнка папросту захопнік улады — гэта па-першае .

А па-другое, ім прыйдзецца даказваць, што быў паклёп як такі. А каб даказаць, ці паклёп гэта, трэба будзе прызначыць судовую экспэртызу псыхіятрычную менавіта ў дачыненьні да грамадзяніна Лукашэнкі. Калі яны назначаць гэткую экспэртызу, мы будзем прапаноўваць сваіх экспэртаў, сваіх спэцыялістаў, каб усё было дакладна", — паведаміў Павал Жук.

Галоўны рэдактар "Нашай свабоды" гаворыць, што быў перакананы ў прафэсіяналізме лекара-псыхіятра Зьмітра Шчыгельскага, а таксама ў праўдзівасьці ягонага заключэньня пра стан здароўя А.Лукашэнкі, інакш ніколі б не надрукаваў гэтага матэрыялу ў сваёй газэце.

Але Павал Жук разам з тым разумее, у якой краіне ён жыве і гатовы да рэпрэсіяў з боку ўладаў. Паводле рэдактара "Нашай свабоды", ён гатовы, што газэту могуць закрыць. Але Павал Жук гаворыць, што гэтак улады ўсё адно нічога не даб'юцца, бо замест закрытай паўстане новая газэта.