Навіны 22 сьнежня 2000 г.

Міхал Стэльмак, Менск

Міністар жыльлёва-камунальнае гаспадаркі Аляксандар Мількота лічыць папулісцкай пазыцыю Фэдэрацыі прафсаюзаў у пытаньнях сацыяльнай абароны жыхароў. Пра гэта ён заявіў сёньня на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай тарыфнай палітыцы ўладаў. У сваю чаргу, прафсаюзы сьцьвярджаюць пра памылковасьць такое палітыкі.

Праект Генэральнага пагадненьня, які справакаваў днямі чарговае абвайстрэньне стасункаў паміж уладамі й прафсаюзамі, застаецца для бакоў каменем разладу. Пытаньне перакрыжаванага субсыдаваньня ў сфэры тарыфнае палітыкі — адно з палажэньняў, дзе ўрад і прафсаюзы маюць прынцыпова розныя пазыцыі.

Міністар жыльлёва-камунальнае гаспадаркі Аляксандар Мількота пацьвердзіў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі намер уладаў распачаць у наступным годзе працэс ліквідацыі такога субсыдаваньня. Камэнтуючы нашаму радыё разыходжаньні з прафсаюзамі, ён зазначыў:

"Што тычыцца пазыцыі прафсаюзаў, я не хачу шырока камэнтаваць. І тым ня менш, выкажу свой пункт гледжаньня. Добра быць абаронцам, як яны кажуць, простага чалавека. Але калі грунтавацца на эканамічнай базе і магчымасьцях нашае дзяржавы, дык высьвятляецца, што гэта ня так проста. І наогул, у нас усе "мастакі" рабіць галаслоўныя заявы. Я ж як міністар нясу адказнасьць не толькі за словы, але й за дзеяньні", — заявіў Аляксандар Мількота.

Паводле ягоных словаў, Міністэрства жыльлёва-камунальнае гаспадаркі выступае за частковую ліквідацыю ў наступным годзе перакрыжаванага субсыдаваньня. Бо, маўляў, пры поўным ягоным скасаваньні жыхары Беларусі ня здолеюць кампэнсаваць павелічэньне паслугаў. Напрыклад, гаспадарам двухпакаёвае кватэры, паводле словаў спадара Мількоты, трэба будзе заплаціць трыццаць даляраў, а ўладальнікам трохпакаёўкі — сорак пяць.

Дзіўна, але факт: адваротную пазыцыю на гэты конт мае другі міністар — Уладзімер Шымаў, які ўзначальвае міністэрства эканомікі. Днямі спадар Шымаў абвесьціў пра пляны ўраду ў поўнай ліквідацыі ў 2001 годзе перакрыжаванага субсыдаваньня. На думку міністра эканомікі, гэта патрэбна для таго, каб цяжар тарыфаў зьняць зь плячэй прадпрыемстваў. Уладзімер Шымаў лічыць, што без вырашэньня гэатага пытаньня айчынная вытворчасьць ужо ў самы бліжэйшы час страціць канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку. Такім чынам, ва ўрадзе зараз у пытаньнях тарыфнае палітыкі й перакрыжаванага субсыдаваньня, у прыватнасьці, няма адзінства.

Якраз нутраны разлад ды ведамасныя інтарэсы й спрычыніліся, паводле інфармацыі прафсаюзаў, да раптоўнага перагляду дамоўленасьцяў з Фэдэрацыяй у пытаньні падпісаньня Генэральнага пагадненьня. Ці не адзінае, што аб'ядноўвае ўладныя структуры — антыпрафсаюзная пазыцыя.

Але прафсаюзныя лідэры сьцьвярджаюць, што гэта іх не палохае, бо іхнае стаўленьне да перакрыжаванага субсыдаваньня адпавядае інтарэсам працоўных.