Навіны 18 сьнежня 2000 г.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Сёньня сёмыя суткі сухой галадоўкі Дзьмітрыя Абадоўскага, які ўтрымліваецца ў магілеўскім сьледчым ізалятары паўтары гады ў якасьці падсьледнага. Сын вядомага ў Магілеве праваабаронцы абвінавачваецца ў згвалтаваньні, аднак вінаватым сябе не прызнае і лічыць сваю справу сфабрыкаванай. Суд у верасьні накіраваў яе на дасьледаваньне.

У мінулы панядзелак Дзьмітры Абадоўскі аднавіў сухую галадоўку, пасьля таго, як яго зноў зьмясьцілі ў карцар і чатыры дні пазбаўлялі магчымасьці зьвязацца з адвакатам ці абскардзіць дзеяньні адміністрацыі сьледчага ізалятару. Нагадаем, што папярэдняя галадоўка (напалову сухая) доўжылася 15 дзён і была спыненая літаральна лічаныя дні таму.

Дзьмітры Абадоўскі накіраваў заяву кіраўніцтву сьледчага ізалятару і абласной пракуратуры. Паводле гэтай заявы, прычынай аднаўленьня галадоўкі сталі рэпрэсіі адміністрацыі турмы, якая, лічыць зьняволены, спэцыяльна стварае невыносныя ўмовы для ягонага жыцьця і лекаваньня. Па-другое, сьледчыя і пракуратура адмаўляюцца зьмяніць меру стрыманьня, а між тым, паводле меркаваньня абароны Абадоўскага, усе разумныя тэрміны ўтрыманьня пад вартай мінулі, а сьледзтва ўсё зацягваецца. У заяве Дзьмітры выказвае ўпэўненасьць, што ў ягонай справы ёсьць палітычная матывацыя – загадзя робіцца абвінаваўчы ўхіл, а таму акрамя галадоўкі няма іншага сродку змагацца супраць зьнявагі і бяспраўя.

У Магілеўскай абласной пракуратуры ня вельмі цікавяцца галадоўкамі Абадоўскага. Ейныя службовыя асобы, паводле неафіцыйных гутарак, упэўненыя ў вінаватасьці падсьледнага, а кіраўнік сьледчага ізалятару сёньня паведаміў, што зьняволены працягвае сухую галадоўку, хоць яго выпусьцілі з карцару ў звычайную камэру. Іван Восіпаў лічыць, што галадаць – права любога чалавека, тым больш, што Абадоўскага аглядае лекар і характарызуе, паводле інфармацыі Восіпава, стан яго здароўя як задавальняючы.

Такі аптымізм не падзяляе бацька і абаронца Дзьмітрыя Сяргей Абадоўскі. Ён баіцца, што сын, які настроены рашуча адстойваць свае правы, не дажыве да новага судовага разбору.