Навіны 15 сьнежня 2000 г.

Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 16 сьнежня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Як ні намагаецца афіцыйная прапаганда распавядаць пра рост рэальных даходаў жыхароў краіны — паўсядзённае жыцьцё сьведчыць пра адваротнае. Адбываецца імклівае зьбядненьне народа. Летась у структуры выдаткаў насельнікаў Беларусі 55% складалі выдаткі на харчаваньне. За 11 месяцаў сёлета выдаткі сем'яў на харчаваньне павысіліся яшчэ на 11% і дасягнулі ўзроўню двух трацінаў усіх даходаў.

Гэты паказьнік сьведчыць пра глыбокую беднасьць у краіне, бо ў любой сучаснай дзяржаве з нармальным узроўнем разьвіцьця на харчаваньне йдзе ня болей як 25% сямейных даходаў. Грамадзтва імкліва апускаецца ў галечу. Гаротны стан пераважнае бальшыні людзей асабліва відавочны, калі да сказанага дадаць, што рэзка пагоршылася якасьць харчовых прадуктаў, якія даводзіцца спажываць беларусам. Аб'ём набыцьця цэльна-малочнае прадукцыі скараціўся на 8%, сыроў цьвёрдых — на 17%, мяса й мясных прадуктаў — на 2%, і нават мукі ды крупаў — на 15-17%.

Характэрна, што пры агульным скарачэньні спажываньня алькагольных напояў на 5%, што можна толькі вітаць, рэзка скарацілася спажываньне якасных гатункаў — гарэлкі й лікёра-гарэлачных вырабаў (болей як на 20%). Затое значна вырас попыт на танныя нізкаякасныя напоі — на 26,6%.

Што ж адбылося, чым тлумачацца зьмены ў спажываньні? Тым, што ўлады імкнуцца выдаць намінальны рост заробкавае платы за рэальны, а цэны ўвесь час падвышаюцца. І яны нагэтулькі апярэджваюць рост намінальнае заробкавае платы, што спажыўцы вымушаныя адначасова й скарачаць свой попыт, і пераключаюць яго з дарагіх і якасных тавараў на недарагія і ня вельмі якасныя.

З пачатку года цэны на хлеб і хлеба-булачныя вырабы ўзьняліся ў 2,9 разы, мяса й птушку — 1,8 разы, цукар — 2,1 раза, малочныя прадукты — 1,8 разы, і нават на безалькагольныя напоі — у 2,4 разы.

Пра зьбядненьне народа сьведчаць і зьмены ў попыце на прамысловыя тавары. Дарагія тавары доўгатэрміновага карыстаньня можа дазволіць сабе ўсё меншая колькасьць людзей. Так, продаж тэлевізараў зьменшыўся з пачатку года на 35%, пральных машынаў — на 10%. Скарачаецца набыцьцё лядоўняў. Не пра рост багацьця сьведчыць і тое, што аж на 18% скарацілася набыцьцё мыла й сынтэтычных мыйных парашкоў, бо яны ўвесь час даражэюць.

Адмоўныя зьмены на спажывецкім рынку — трывожны сыгнал. Калі да гэтага дадаць рост напружаньня на рынку працы, у жыльлёвым будаўніцтве, адсутнасьць станоўчых зьменаў у мэдычным абслугоўваньні, становіцца зразумелым, што ў новае тысячагодзьдзе беларускі народ, на жаль, уступае пры татальным зьніжэньні свайго жыцьцёвага ўзроўню.