Навіны 14 сьнежня 2000 г.

Прагноз старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка што да магчымых зьменаў амэрыканскай палітыкі адносна Беларусі.

(Пазьняк: ) "Я лічу, што прэзыдэнт Буш ужо ёсьць прэзыдэнтам, бо ўчора я накіраваў павіншаваньне. Не сумняваюся, бо выбары ў Флярыдзе ўжо вырашаныя. Што датычыць зьмены палітыкі, то ў дачыненьні да Беларусі яня мяняцца ня будзе, бо ўжо добра сфармуляваная. Мяняцца будуць толькі, магчыма, некаторыя прыватныя дачыненьні са зьменамі кадраў. Я чакаю пэўнага паляпшэньня, аздараўленьня абстаноўкі, бо безумоўна, што ў адміністрацыі прэзыдэнта Буша ня будуць працаваць такія людзі, як Строўб Тэлбат, якога ў Польшчы нават левыя палітыкі называюць невылечным прыхільнікам Расеі. А нядаўна мне даводзілася чытаць аналізы французкіх палітолягаў, то там казалася, што гэта найбольш блізкі дарадца Клінтана і надзвычай дурны чалавек. Дык вось калі ва ўрадзе ня будзе тупіц, дык абстаноўка, безумоўна, аздаровіцца. Гэта станоўчы фактар і для Беларусі, і для Расеі. Тым больш, што найбольш набліжаным дарадцам для прэыздэнта Буша будзе Кандалеза Райз. Яна зараз стала даволі папулярнай у Амэрыцы, і яна зьяўляецца маладым палітыкам, спэцыялістам па Расеі.

Мяркую, што будзе ўдакладненая пазыцыя палітыкі Амэрыкі адносна Расеі, гэта значыць, што яна стане больш рацыянальнай, будзе выходзіць са здаровага сэнсу, а не падпарадкоўвацца нейкім ірацыянальным зьявам, як было да гэтага часу. Гэта станоўчы момант. Думаю, што аздараўленьне абстаноўкі ў сувязі з прыходам новай, больш прафэсійнай каманды паўплываве і на тое, што погляд на сытуацыю ў Беларусі будзе больш скурпулёзны. Тым больш, што пачынаюцца сур'ёзныя падзеі ў Беларусі, дзе будзе вырашацца ня толькі лёс улады, але і, магчыма, незалежнасьці краіны. Новая амэрыканская адміністрацыя павінна гэта цудоўна разумець".