Навіны 29 лістапада 2000 г.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

У Горадні ў цэнтры гораду зьявіўся вялікі драўляны крыж. Ён пастаўлены на тым месцы, дзе дакладна 39 гадоў таму быў зруйнаваны гатычны касьцёл — славутая Фара Вітаўта. Дазволу ўладаў на ўсталяваньне крыжа не было.

Крыж зьявіўся ўначы. Гараджане, калі зрабілася сьветла, заўважылі яго, сталі спыняцца, яны падыходзілі да крыжа й чыталі шыльдачку на ім. Нехта запаліў сьвячу, паставіўшы на зямлю перад крыжом.

Крыж вялікі — вышынёю каля чатырох мэтраў. На ім прымацаваны бел-чырвона-белы пас, нібыта распнуты сьцяг. На шыльдачцы па-беларуску напісана, што на гэтым месцы ў 1961-м годзе была ўзарваная сьвятыня зямлі нашай — Фара Вітаўта — помнік архітэктуры XIV–XVI стагодзьдзяў. Барбарства зьдзейсьнена камуністычным рэжымам. Мы верым, — напісана далей, — што крыжы касьцёла ўзьнясуцца над нашым горадам…

Улады пакуль ніяк не адрэагавалі. На месца паглядзець асабіста прыходзіў намесьнік старшыні гарадзкога выканкаму Яўген Жабрун. У другой палове дня крыж яшчэ стаяў.

Старэйшыя жыхары гораду добра памятаюць здарэньне, якое адбылося а палове на другую гадзіну ўначы з 28 на 29 лістапада 39 гадоў таму. Брыгада падрыўнікоў прыбыла з Ленінграду, кіравала ёю жанчына. Мясцовыя ўлады вырашылі пачаць зьнішчэньне касьцёлаў, якімі вылучаўся горад, менавіта з самага старадаўняга.

Марыя Гратулевіч, якая даглядала суседні — цяперашні Фарны касьцёл, успамінае, што пасьля выбуху, калі храм абрынуўся, крыж, упаўшы згары, уторкнуўся ў зямлю і застаўся стаяць. Вернікі палічылі гэта за добры знак, успрынялі яго як надзею на тое, што хрысьціянская вера ўсё адно застанецца тут.