Навіны 20 лістапада 2000 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 18 лістапада)
Дзяржаўны міністар замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны Крыстоф Цопель заявіў, што вінаватых у зьнікненьні беларускіх апазыцыянэраў чакае суд Гаагскага трыбуналу.
У Беларусі загадам Лукашэнкі з прадстаўнікоў розных сілавых ведамстваў створаная адзіная апэратыўная група ў пошуках зьніклых палітыкаў.
Датэрміновы выхад на волю дэпутата Андрэя Клімава каштуе 120 тысячаў даляраў.

"Тых, хто стаіць за гэтымі злачынствамі, непазьбежна чакае суд Гаагскага трыбуналу", — гэтак заявіў статс-сакратар міністэрства замежных справаў Нямеччыны Крыстоф Цопель адносна зьнікненьня апазыцыйных беларускіх палітыкаў і вядомых асобаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага. Гэтую заяву высокі нямецкі чыноўнік зрабіў пад час гутаркі зь лідэрамі беларускай апазыцыі ў Берліне.

Паводле паведамленьня прэсавае службы "Хартыі'97", тэма зьнікненьня апазыцынэраў таксама была ў цэнтры ўвагі пад час сустрэчаў спадароў Вячоркі, Лябедзькі, Караля й Саньнікава з уплывовымі палітыкамі ў Парыжы й Брусэлі. Эўрапейцы выказалі сваю заклапочанасьць адсутнасьцю вынікаў расьсьледваньняў, якія вядуць праваахоўныя ворганы Беларусі.

Літаральна празь дзень пасьля гэтых заяваў беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка аддаў распараджэньне стварыць агульную апэратыўна-сьледчую групу ў расьсьледваньні "гучных" злачынстваў, у тым ліку — зьнікненьняў.

Групу ўзначаліць міністар унутраных справаў, былы кіраўнік прэзыдэнцкае службы аховы Ўладзімер Навумаў. Між тым, заўважаюць назіральнікі, менавіта ў той час, калі Навумаў кіраваў службаю прэзыдэнцкай аховы, і пачалі зьнікаць у Беларусі вядомыя палітыкі. "Хацелася б верыць у лепшае, але наўрад ці будзе плён ад такога аб'яднаньня. Год таму Лукашэнка ўжо ствараў агульную камісію начале з шэфам КГБ Ўладзімерам Мацкевічам, а выніку няма ніякага", — заўважае вядомы адвакат Гары Паганяйла.

Стрымана сустрэла загад кіраўніка Беларусі жонка зьніклага Віктара Ганчара Зінаіда:

(Зінаіда Ганчар: ) "Я была перакананая, што ўсе тры ведамствы працуюць разам над расьсьледваньнем гэтых злачынстваў. У адказах, якія я атрымлівала напрацягу году, мне пісалі, што мужа шукаюць сьледчыя і зь міліцыі, і з КГБ ды пракуратуры. А цяпер іх зноў трэба зводзіць разам… Дзіўна, тады я нечага не разумею. Тады атрымліваецца, што гэта так, чарговы падман", — казала Зінаіда Ганчар. Яна перакананая, што галоўны матыў, якім кіраваўся Лукашэнка, аддаючы загад на стварэньне адзінае сьледчае групы — прапагандысцкі. "Ён проста адказвае на абвінавачаньні, што ягоная ўлада нічога ня робіць, каб высьветліць лёс зьніклых", — мяркуе жонка Віктара Ганчара.

Колькі каштуе воля? Для дэпутата Андрэя Клімава, гэта, аказваецца, пытаньне не рытарычнае. З турмы, дзе сядзіць Клімаў, паведамляюць, што калі б былы бізнэсмэн заплаціў у казну пэўную суму даляраў, дык ужо б патрапіў пад амністыю, як ягоны былы калега Леанід Валковіч, які днямі выйшаў зь вязьніцы. Пра Клімава мне распавяла жонка дэпутата Ўладзімера Кудзінава, спаслаўшыся на ліст, днямі атрыманы з турмы ад мужа.

(Кудзінава: ) "Ён ведае, што мы з Таняй сябруем. Ён кажа, каб перадала тані, што Валковіч выйшаў па амністыі, і што амністыя будзе працягвацца да 20-га студзеня, і ёсьць магчымасьць выцягнуць Андрэя яшчэ".

(Карэспандэнт: ) "Ён так лічыць?"

(Кудзінава: ) "Ён ведае гэта. Але ж там трэба 120 тысяч даляраў унесьці".

Казала Зоя Кудзінава. Між тым вядома, што Клімаў не прызнае сябе вінаватым, а выплаціць прызнаныя судом страты азначае як раз пагадзіцца з абвінавачваньнем. "Да таго ж у нас проста няма такіх грошай. Фірму Андрэя ўлады даўно зьнішчылі. Прыбыткаў у нас ніякіх. Нават каб сабраць перадачу мужу ў турму, я зьвяртаюся па дапамогу да сяброў і добрых людзей, дзе мне ўзяць 120 тысячаў даляраў?", — абураецца жонка Клімава Тацьцяна. Яна асабіста мяркуе, што ўлады проста шантажуюць іх, каб атрымаць тое, што дакладней назваць выкупам.