Навіны 07 лістапада 2000 г.

Ягор Маёрчык, Менск

Аб'яднанай Грамадзянскай партыі споўнілася пяць гадоў.

Партыя моцных і інтэлігентных людзей дэмакратычнага мысьленьня ладзіць сваё сьвята не як традыцыйную партыйную акцыю з прамовамі й банкетам, а як капусьнік для ўсіх, у духу "шасьцідзясятнікаў". На вечарыне сярод іншага будзе прэзэнтаваная папулярная маскоўская тэлепраграма "ИТОГО" зь Віктарам Шандаровічам ды Ігарам Ірценьевым.

АГП паўстала ў выніку зьліцьця Грамадзянскай і Аб'яднанай дэмакратычнай партыяў. За гэты час АГП стала адной з самых уплывовых у палітычным жыцьці краіны сілаю. Сёньня паводле дадзеных незалежных сацыёлягаў за яе аддаюць галасы больш за 20 адсоткаў лідэраў грамадзкае думкі краіны.

У барацьбе з рэжымам партыя панесла цяжкія страты: ня стала Генадзя Карпенкі, зьніклі бязь вестак Юры Захаранка й Віктар Ганчар, за кратамі — Віктар Кудзінаў і Андрэй Клімаў. І яшчэ — сотні пацярпелых ад уладаў сяброў партыі.

Нашае радыё далучаецца да шматлікіх віншаваньняў, якія сёньня адрасуюцца Аб'яднанай Грамадзянскай партыі.