Навіны 25 кастрычнiка 2000 г.

Ігар Карней, Менск

Учора ўвечары менская міліцыя затрымала сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Галіну Дзягілеву, Алену Ждановіч і Ўладзімера Юхо. Усе яны некалькі гадзінаў правялі ў апорных пунктах раённых аддзелаў міліцыі.

"Падазронасьць" Галіны Дзягілевай і Алены Ждановіч міліцыянты матывавалі найперш тым, што жанчыны размаўлялі між сабою па-беларуску. Вобшук быў праведзены наўпрост на месцы, у выніку чаго ў рукі праваахоўнікаў трапіла, так бы мовіць, бясспрэчная "крамола" — зварот Зянона Пазьняка да беларусаў. Спадарожна жанчыны былі абвінавачваныя ў тым, што нібыта распаўсюджвалі ўлёткі пра сьвяткаваньне Дзядоў: зь дзясятак такіх ўлётак міліцыянты яшчэ раней павыцягвалі з паштовых скрыняў. Адмовіўшыся паказаць дакумэнты, міліцыянты пацягнулі жанчын у пастарунак на вуліцы Алібегава, дзе былі складзеныя рапарт і пратакол.

Пазьней спадарыні Дзягілева й Ждановіч даведаліся, хто менавіта правёў апэрацыю затрыманьня: гэта зусім маладыя лейтэнанты Шут і Раўнейка.

Прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Валеры Буйвал лічыць, што антыбеларускія выпады бяруць пачатак ня зараз, а з даволі глыбокай даўніны…

(Буйвал: ) "Гэтую тэндэнцыю мы назіраем ужо даўно, з 1795 году, мы і нашыя продкі. Проста час ад часу назіраюцца абвастрэньні гэтай тэндэнцыі, гэтай акупанцкай хваробы. Калі людзей, асабліва ў вечаровы час, затрымліваюць, арыштоўваюць, зьдзекуюцца над імі, караюць за тое, што яны размаўляюць на беларускай мове. Такое ўяўленьне ў ахоўнікаў правапарадку ў нашай краіне, што калі чалавек размаўляе па-беларуску, значыць ён належыць да апазыцыі. Ну і трэба сказаць, яны часта не памыляюцца. Толькі ў гэтым выпадку жанчыны якраз сваю партыйную працу не рабілі, улёткі не распаўсюджвалі, але ўсё роўна сталіся вінаватымі"

(Карэспандэнт: ) "Спадар Буйвал, ці можна меркаваць, што, калі б у Галіны Дзягілевай міліцыянты не знайшлі зварот Зянона Пазьняка, дык жанчын не затрымалі б?"

(Буйвал: ) "Няма сэнсу тэарэтызаваць на гэты конт – лепш камэнтаваць тое, што адбылося. Адбыўся грубы напад на жанчынаў, абсалютна беспадстаўны. Маладымі дзецюкамі ў міліцэйскіх пагонах без прад'яўленьня дакумэнтаў была ўжытая грубая і абсалютна беспадстаўная сіла. Галіну Дзягілеву валаклі па кустах, па ходніку, прывезьлі ў пастарунак і там груба заштурхнулі ў клетку. Усё гэта сьведчыць пра проста зьверскія адносіны да людзей – абсалютна беспадстаўнае ўжыцьцё грубай сілы".

Гэта быў прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Валеры Буйвал.

Што тычыцца Ўладзімера Юхо, дык ён быў затрыманы міліцэйскім патрулём а палове на дзясятую гадзіну ўчорашняга вечару. Камандаваў апэрацыяй сяржант Жукоўскі. У апорным пункце на вуліцы Кальцова на спадара Юхо таксама склалі рапарт і пратакол.

Пасьля таго, як Юхо даставілі ў РАУС Савецкага раёну, дзяжурны афіцэр прапанаваў сябру Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі адвезьці таго ў Курапаты хоць зараз, каб той загадзя распачаў падрыхтоўчыя працы да сьвяткаваньня Дзядоў. Спэцыфічныя жарты беларускіх праваахоўнікаў робяцца ўсё больш цынічнымі.