Навіны 19 кастрычнiка 2000 г.

Мікола Іваноў, Прага

Апошнія паведамленьні з Блізкага Ўсходу сьведчаць, што напружаньне ў адносінах паміж Ізраілем і палестынцамі паволі спадае. Ізраіль пачаў выводзіць танкі ды іншае цяжкое ўзбраеньне з межаў аўтаноміі. Палестынская паліцыя зноў правяла арышты актывістаў мусульманскага фундамэнталісцкага руху Хамас. Але пэрспэктывы поўнага аднаўленьня мірнага працэсу пакуль што даволі змрочныя.

Пасьля амаль трох тыдняў гвалту ў Газе, на Заходнім беразе ракі Ярдан, а таксама ў тых рэгіёнах Ізраілю, дзе пераважае арабскае насельніцтва, уплывы палітычных сілаў, якія выступаюць за мірнае суіснаваньне, выразна зьменшыліся як у ізраільскім, так і палестынскім лягеры. Узмацніліся затое пазыцыі праціўнікаў паразуменьня.

Пагадненьне ў Шарм-эль-Шэйху – гэта вусная дамоўленасць, якая прадугледжвае вяртаньне сытуацыі, якая была перад пачаткам цяперашніх беспарадкаў. І тут перад палестынскімі ўладамі куды больш складанае заданьне. Ізраільская армія падпарадкоўваецца загадам свайго камандаваньня, а палестынская, галоўным чынам беспрацоўная моладзь, якая на працягу апошніх трох тыдняў прызвычаілася ад раніцы штодня ўдзельнічаць у антыізраільскіх бурлівых дэманстрацыях, наўрад ці так проста падпардкуецца Ясіру Арафату і ягонай паліцыі. Да таго ж, бальшыня зь іх – гэта прыхільнікі мусульманскага фундамэнталісцкага руху Хамас, кіраўніцтва якога абвінавачвае Арафата ў здрадзе палестынскай ідэі.

Пазытыўным знакам апошніх дзен была апэрацыя ізраільскай сакрэтнай службы бясьпекі Шын Бэт, агенты якой захапілі на Заходнім беразе ракі Ярдан васьмёх удзельнікаў жудаснага забойства двух ізраільскіх жаўнераў-рэзэрвістаў, затрыманых у палестынскім паліцыйным участку ў Рамале. Ёсць інфармацыя, што сярод затрыманых некалькі палістынскіх паліцыянтаў, якія ўдзельнічалі ў забойстве. Цяпер ізраільскія ўлады рыхтуюцца арганізаваць паказальны судовы працэс над імі. Ангельская газэта "Гардыян" паведамляе, што апэрацыя Шын-Бету была праведзеная зь ведама і магчыма пры ціхім супрацоўніцтве палестынскіх сакрэтных службаў. Вядома, што раней Ясір Арафат аддаў загад арышту ўдзельнікаў забойства. Але Шын Бэт апярэдзіў яго.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Тэль-Авіве віцэ-міністар абароны Ізраілю Эфраім Снэ толькі ўскосна ў інтэрвію ізраільскаму тэлебачаньню прызнаў факт правядзеньня гэтай апэрацыі Шын Бэту. Ён заявіў: "Пакуль што я магу толькі прызнаць, што справядлівасьць дасягне тых людзей, якія здзейсьнілі гэтую разьню, так як яна дасягнула тых, хто забіў ізраільскіх спартоўцаў на алімпіядзе ў Мюнхене ў 1972 годзе". Прыгадаем, што на працягу 70-80 гадоў Шын Бэт высачыў і забіў практычна ўсіх выканаўцаў і арганізатараў таго забойства. Праўда пры гэтым памылкова загінулі невінаватыя людзі. У прыватнасьці, мараканскі эміграцыйны пісьменьнік у Осла, якога прынялі за нейкага іншага.

Іншым сымбалем змяншэньня напружаньня былі перамовы паміж кіраўнікамі ізраільскай і палестынскай сакрэтных службаў, падчас якіх былі ўзгодненыя супольныя дзеяньні, накіраваныя на аднаўленьне мірнага працэсу. Ізраільцяне, напрыклад, згадзіліся на працягу бліжэйшых 48 гадзінаў аднавіць свабодны рух асобаў паміж гарадамі палестынскай аўтаноміі, а таксама дазволіць вяртаньне на працу ў Ізраіль рабочых-палестынцаў. Прэсавы сакратар прэм'ер-міністра Ізраілю Эхуда Барака Нахман Шаі паведаміў, што калі напружаньне будзе спадаць надалей, Ізраіль ажыцьцёвіць наступныя захады, накіраваныя на нармалізацыю сытуацыі.