Навіны 19 кастрычнiка 2000 г.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Магілеву пачалося судовае разьбіральніцтва канфлікту, які здарыўся на адным з выбрачых участкаў паміж незалежнымі назіральнікамі і прадстаўнікамі выбарчай камісіі і раённай вэртыкалі.

15 кастрычніка назіральнік Аляксандар Паўлоўскі дзяжурыў на выбарчым участку ў магілеўскай школе №26. У яго ўзьніклі праблемы з атрыманьнем прамежкавых дадзеных. Старшыня выбарчай камісіі, дырэктар школы Павал Макарчыкаў паводзіў сябе, паводле словаў Паўлоўскага, груба і нетактоўна. Акрамя гэтага назіральнік падазраваў, што старшыня, як і шэраг членаў участковай камісіі, знаходзіцца у нецьвярозым стане. Таму Паўлоўскі выклікаў мабільную групу ад грамадзкага аб'яднаньня "Гуманітарная ініцыятыва", у склад якой уваходзіў Сяргей Абадоўскі, кіраўнік магілеўскага праваабарончага цэнтру. Ён і яшчэ тры чалавекі ў выніку размовы са спадаром Макарчыкавым у школьнай аўдыторыі склалі акт пра неадэкватныя паводзіны старшыні камісіі, ад якога ішоў сьпірытусовы пах. У адказ старшыня і намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі па ідэалёгіі выклікалі міліцыю і склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні на Сяргея Абадоўскага, які, нібыта, перашкаджаў выбарчай камісіі працаваць.

Сёньняшняе судовае разьбіральніцтва абмежавалася толькі хадайніцтвамі па выкліку сьведкаў. Таму суд працягне разбор на наступным тыдні.