Навіны 08 верасьня 2000 г.

Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 7 верасьня)
Аляксандар Бухвостаў застаецца на чале аднаго з буйнейшых у краіне прафсаюзаў — аўтасельгасмашу. Спроба ўладаў зьмясьціць яго з пасады старшыні на сёньняшнім справаздачна-выбарчым зьезьдзе гэтага прафсаюзу скончылася правалам.

Зьезд прайшоў у атмасфэры жорсткіх дыскусіяў паміж прыхільнікамі і апанэнтамі Аляксандра Бухвостава. У якасьці апанэнтаў Бухвостава выступілі дэлегаты прафсаюзнага форуму, што прадстаўлялі інтарэсы ўладаў. Найперш, гэта кіраўнікі прадпрыемстваў, якім была пастаўлена задача вярнуць пад кантроль уладаў 200-тысячную арганізацыю. У якасьці альтэрнатывы Бухвоставу яны вылучылі намесьніка генэральнага дырэктара Менскага трактарнага заводу Аляксандра Карцава.

Гаворыць Аляксандар Бухвостаў:

"Пасьля таго, як у прафсаюзным камітэце МТЗ прынялі гэтае рашэньне пад ціскам адміністрацыі, былі праінфармаваныя дэлегаты і ім загадалі, за каго галасаваць. Зразумела, гэта — не што іншае, як непасрэднае ўмяшаньне ў прафсаюзныя справы, ігнараваньне міжнародных стандартаў у сфэры прафсаюзных правоў. З дырэктарамі ж павінны быць зусім іншыя формы сацыяльнага партнэрства — не парушаць канвэнцыяў Міжнароднай арганізацыі працы", — зазначыў нашаму радыё Аляксандар Бухвостаў.

Дарэчы, канфлікт уладаў і прафсаюзаў у Беларусі выклікаў падвышаную ўвагу да зьезду прафсаюзу аўтасельгасмашу з боку шэрагу міжнародных прафсаюзаў і арганізацыяў, якія прыслалі ў Менск сваіх прадстаўнікоў. У прыватнасьці, на прафсаюзным форуме прысутнічаў прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі працы Франк Хофэр. Вось якімі ўражаньнямі пра сёньняшнюю падзею падзяліўся ён з нашым радыё:

"Я мяркую, што гэтая дыскусія, па–першае, сьведчыць пра тое, што ёсьць шмат прадстаўнікоў прафсаюзаў, якія сьвядома хочуць мець незалежны прафсаюз, які б самастойна вызначаў сваю палітыку. Многія дэлегаты, што выступалі на зьезьдзе, сьцьвярджалі, што яны супраць умяшаньня ў сваю дзейнасьць. У якім маштабе мае месца такое ўмяшаньне, напэўна, для гэтага мусіць быць больш глыбокі аналіз. Але ўсе чулі, як адзін старшыня прафкаму публічна заявіў, што званіў міністар і патрабаваў сьпісы дэлегатаў. І ён сказаў, што гэта ня справа міністэрства. І калі гэта так на самрэч, дык справядліва запытаць: навошта ўраду такая інфармацыя патрэбная?", — зазначыў Франк Хофэр.

Яркім быў выступ на зьезьдзе рабочага Барысаўскага заводу аўтатрактарнага электраабсталяваньня Міколы Похабава, які зазначыў, што Беларусі патрэбныя палітычныя перамены:

"На працягу двух гадоў адбываецца моцны ціск на лідэраў прафсаюзаў — Бухвостава і Ганчарыка. І я лічу, што гэтым ня скончыцца. Калі Лукашэнка бярэцца за штосьці, ён даводзіць гэта да лягічнага канца. Заўсёды атрымліваецца пасьля ягонае працы нуль", — мяркуе Мікола Похабаў.

Менавіта гэткім вынікам для ўладаў скончылася галасаваньне кандыдатуры старшыні прафсаюзу аўтасельгасмашу. Аляксандар Бухвостаў атрымаў пераканаўчую перамогу. За яго прагаласавала ўтрая больш дэлегатаў, чым за прадстаўніка ўладаў Карцава.