Навіны 25 жніўня 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ перадалі сёньня кіраўніку Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Гансу-Георгу Віку заяву да кіраўніцтва АБСЭ з шэрагам патрабаваньняў. Аўтары заявы патрабуюць спыніць дзейнасьць менскае групы АБСЭ ў галіне прапаганды восеньскіх выбараў, не дасылаць у Беларусь міжнародных назіральнікаў і зьняць з пасады самога спадара Віка.

Прыкладна 15 актывістаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ на чале са сваім кіраўніцтвам сабраліся сёньня ля менскае штаб-кватэры групы АБСЭ, каб перадаць заяву кіраўніцтву гэтай міжнароднай арганізацыі.

У заяве, падпісанай выканаўцам абавязкаў кіраўніка партыі Юрыям Беленькім гаворыцца, што ўлада рыхтуе канчатковую здачу Беларусі Расеі шляхам абраньня псэўдапарлямэнту, які выканае любую волю Аляксандра Лукашэнкі. У выпадку ж прызнаньня Захадам вынікаў гэтых выбараў здача беларускае незалежнасьці набудзе міжнароднае прызнаньне.

На думку кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ, некаторыя палітычныя колы Заходняй Эўропы, асабліва нямецкая дыпляматыя, спрыяюць расейскай акупацыі Беларусі. Аўтары заявы, у прыватнасьці, сьцьвярджаюць, што супрацоўнікі КНГ АБСЭ ў Менску і яе кіраўнік нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік вядуць актыўную падрыхтоўчую працу да псэўдавыбараў. Паплечнікі Зянона Пазьняка таксама адзначаюць, што праз АБСЭ выдаткаваныя значныя сродкі на прапаганду выбараў і падрыхтоўку назіральнікаў.

На думку лідэраў КХП БНФ, вынікам гэтае пазыцыі стане глыбокі палітычны крызыс у Беларусі й дэстабілізацыя становішча ва ўсёй Усходняй і Цэнтральнай Эўропе. У зьвязку з гэтым, аўтары заявы патрабуюць ад кіраўніцтва АБСЭ зьняць з пасады Ганса-Георга Віка, спыніць прапаганду выбараў і не накіроўваць у Беларусь назіральнікаў.

Юры Беленькі лічыць заяву вельмі сваечасовай. Вось ягонае меркаваньне:

(Беленькі: ) "Спадар Вік сваю місію ня выканаў. Калі б ён выканаў сваю місію, ён бы дамогся тут сапраўды дэмакратычных пераўтварэньняў, руху Беларусі ў Эўропу і ўсталяваньня дэмакратычнага ладу. Мы неаднаразова зьвярталіся да місіі АБСЭ ў Менску. Мы неаднаразова ставілі пытаньні пра тое, што ўдзел у псэўдавыбарах – гэта дзеяньні, накіраваныя на легітымізацыю рэжыму, яны прывядуць да інкарпарацыі Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Пра гэта заяўлялі фактычна ўсе прадстаўнікі апазыцыйных партыяў акрамя спадара Калякіна. І тым больш дзіўна, што калі такая супольная думка, місія АБСЭ праводзіць палітыку, якая ідзе ўразрэз з гэтай агульнай думкай. "Агульная" тут я бяру ў двукосьсе, таму што шэраг прадстаўнікоў тых партыяў, якія дэкляравалі такую пазыцыю, удзельнічаюць сёньня ў гэтым выбарчым фарсе".

Паведаміў кіраўнік КХП БНФ у Беларусі Юры Беленькі.

Спадар Вік прыняў аўтараў заявы, азнаёміўся зь яе тэкстам і выказаў сваю нязгоду з тым, што АБСЭ заклікае беларускую апазыцыю браць удзел у выбарах. Больш поўны адказ кіраўнік КНГ АБСЭ абяцаў даць пазьней. Кіраўніцтва партыі, у сваю чаргу, прыслухалася да просьбы спадара Віка і адмовілася праводзіць пікетаваньне будынку КНГ АБСЭ, заплянаванае на 28 і 29 жніўня.

Сёньня ўвечары прадстаўнікі КХП БНФ таксама зарганізавалі збор подпісаў у абарону незалежнасьці на менскім праспэкце Скарыны. Паводле словаў прэсавага сакратара партыі Валера Буйвала, акцыя прымеркаваная да дзявятае гадавіны наданьня статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі сувэрэнітэту Беларусі.