Навіны 23 жніўня 2000 г.

Ягор Маёрчык, Менск

Пачынаецца падрыхтоўка да сьвяткаваньняў Дня Беларускае вайсковае славы 8 верасьня. Сёньня Юры Хадыка й Віктар Івашкевіч падалі ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяву з просьбаю ўзгадніць плян сьвяткаваньня на вуліцах гораду. Урачыстасьці адбудуцца й на Крапівенскім полі, дзе 486 год таму войска Вялікага Княства Літоўскага начале з Канстанцінам Астроскім атрымала ўнікальную перамогу над інтэрвэнтамі Маскоўскага княства.

У Менску акцыю плянуецца распачаць ускладаньнем кветак да помніку на пляцы Перамогі а 18-й гадзіне 8 верасьня. Затым па цэнтральнай частцы праспэкту імя Францішка Скарыны ўдзельнікі сьвята пройдуць да помніка Янку Купалу, дзе адбудзецца тэатралізаванае відовішча й канцэрт. Падрабязнасьці іх пакуль трымаюцца ў сакрэце.

Арганізатары падкрэсьліваюць, што сьвяткаваньне даты 8 верасьня мае перадусім культурна-асьветніцкі характар. Мэтаю імпрэзы, як напісана ў заяве, зьяўляецца патрыятычнае выхаваньне маладога пакаленьня й «умацаваньне прыязных стасункаў з суседнімі народамі шляхам прапаганды гістарычнае праўды».

Спадары Хадыка ды Івашкевіч прапануюць таксама Менскаму гарадзкому выканкаму далучыцца да сумеснага правядзеньня сьвята, а таксама зьвярнуцца ва ўрад краіны з прапановаю зрабіць дзень 8 верасьня агульнанацыянальным сьвятам.

Ужо сталі традыцыйнымі й сьвяточныя фэсты на месцы, дзе адбылася гераічная бітва. Сёлета такі фэст на Крапівенскім полі пад Воршаю адбудзецца 9 верасьня. Яго ладзіць Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Караткевіча.

Пра тое, як будзе праходзіць сьвята, распавядае кіраўніца Цэнтру Ларыса Кудраўцава:

(Кудраўцава: ) "Імша будзе. Алесь Пушкін ладзіць свой пэрформанс, які забаранілі ў Наваградку правесьці. Зьбіраемся запрасіць рыцарскія клюбы, ну а пасьля гэтага будзе ў нас бардаўскі канцэрт. Зьбіраемся запрасіць 10-15 бардаў. 9 верасьня мы будзем сустракаць гасьцей у 15 гадзін 15 хвілін на Прывакзальнай плошчы. Будуць замоўленыя аўтобусы, якія будуць перавозіць людзей з Воршы на месца гістарычнай бітвы – Крапівінскае поле".

Дата 8 верасьня 1514 году зьяўляецца адной з самых яскравых старонах беларускае гісторыі. У незалежнай Беларусі, як і за савецкі час, Дзень вайсковае славы ніколі не адзначаўся на дзяржаўным узроўні. Ігнаруючы гісторыю, афіцыйныя ўлады апраўдваюцца тым, што ня хочуць абвастраць міжнацыянальныя стасункі.