Навіны 21 жніўня 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Магілеўская абласная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу супраць групы бабруйскіх чыноўнікаў, якія 5 жніўня абстралялі з паляўнічых стрэльбаў дзіцячы летнік "Вольная Краіна". У выніку тае страляніны была параненая 16-гадовая ўдзельніца летніку Юля Бабкова.

Пра гэтае рашэньне абласное пракуратуры паведаміў сёньня намесьнік пракурора Бабруйскага раёну Мікалай Гайшун у часе сустрэчы з кіраўніком мясцовае філіі Беларускага Гэльсынскага Камітэту Яўгенам Чапурышкіным і бабруйскім карэспандэнтам газэты «Комсомольская правда» Анатолем Санаценкам.

Сьледзтва ў гэтай справе даручана весьці сьледчаму камітэту Бабруйскага гарадзкога аддзелу міліцыі. Раённая міліцыя на працягу двух тыдняў адмаўлялася заводзіць супраць чыноўнікаў крымінальную справу і нават аказвала псыхалягічны ціск на пацярпелых падлеткаў.

Прадстаўнік БГК Яўген Чапурышкін лічыць, што пракуратура была вымушаная завесьці крымінальную справу, бо факт абстрэлу падлеткаў меў даволі гучны грамадзкі рэзананс.