Навіны 21 жніўня 2000 г.

Сёньня прадстаўнікі аб'яднай апазыцыі падрыхтавалі і скіравалі лісты ў Арганізацыю Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе на імя старшыні Бэніты Фэррэра-Вальднэр і старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыяну Севярыну, у Эўрапарлямэнт, прэзыдэнту парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы лорду Джону Рассэлу, генэральнаму сакратару Рады Эўрапейскага Зьвязу Гаўеру Саляну.

Гэты ліст – у адказ на пасланьне Аляксандра Лукашэнкі, скіраванае Бэніце Фэррэра-Вальднэр і Гаўеру Саляну, у якім Лукашэнка выступае з прапановамі дэмакратызацыі выбарчага працэсу ў Беларусі. Дарэчы, сёньня ў АБСЭ нам паведамілі, што ліста Лукашэнкі ў офісе не атрымалі.

Беларускія дэмакраты тлумачаць эўрапейскім структурам рэальныя магчымасьці для дэмакратычных выбараў у Беларусі і пэрспэктывы абраньня паўнацэннага незалежнага парлямэнту. Да гэтага ліста далучанае яшчэ адно пасланьне Аляксандра Лукашэнкі, якое ён 9-га красавіка 1997 году даслаў тагачаснаму генэральнаму сакратару Рады Эўразьвязу, прадстаўніку Нідэрляндаў Міерло. Лукашэнка ўжо тады пераконваў, што ў Беларусі ствараюцца ўмовы для функцыянаваньня дэмакратычнага грамадзтва.

Што да выбараў 15-га кастрычніка, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька перакананы, што гэта прымітыўны працэс працаўладкаваньня 110 чалавек. "Выбары ў парлямэнт – гэта барацьба за ўладу. Выбары ў палату – гэта барацьба за прывілеі. Чаму апазыцыя ня можа, не павінная ўдзельнічаць у сцэнары, прапанаваным чырвоным домам, – цытуем разьмешчаны на Інтэрнэт-старонцы Хартыі-97 артыкул Анатоля Лябедзькі, – Думай! Гэта зусім не балюча". Анатоль Лябедзька перакананы, што любыя спробы граць на полі Лукашэнкі, гэта граць бяз правілаў. Таму гэтыя гульні беспэрспэктыўныя.