Навіны 14 жніўня 2000 г.

Вольга Караткевіч

Сёньня да нас са Злучаных Штатаў Амэрыкі патэлефанаваў Алег Батурын – былы міліцыянт, пра чыё таямнічае выкраданьне з Варшавы, а пасьля вяртаньне ў Польшчу з дапамогай пасла ЗША ў Менску Дэніэла Спэкгарда мы ня раз паведамлялі. Падаем тэкст сёньняшняга інтэрвію.

(Батурын: ) "Зараз я знаходжуся ў Злучаных Штатах Амэрыкі і атрымаў статус уцекача. Я атрымаў яго 28 ліпеня. Я дабраўся да Злучаных Штатаў праз Варшаву і праз Вену".

(Карэспандэнтка: ) "А ці інфармавалі Вы польскіх журналістаў, Вашых калегаў ды сваякоў пра тое, што Вы ад'яжджаеце?"

(Батурын: ) "Я гэтага не рабіў, каб было бясьпечна".

(Карэспандэнтка: ) "Такім чынам, Вы зараз у Амэрыцы. Можаце канкрэтызаваць, дзе менавіта?"

(Батурын: ) "Я магу сказаць, што я зараз у Каліфорніі".

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце, вось Вы зьехалі, і перад гэтым супраць Вас была ўчыненая такая акцыя, якую пасьля доўга выкарыстоўвалі і называлі правакацыяй. Чаму Вы пакінулі Польшчу і не зрабілі ніякіх заяваў у пракуратуру пра Вашае выкраданьне, пра тое, што на Вас ціснулі спэцслужбы?"

(Батурын: ) "Я, па-першае, яшчэ не пасьпеў гэтага зрабіць, але я зараз зьбіраюся падаць дакумэнты ў ААН, дзе дасканала расьсьледуюць усю гэтую справу, каб яны адказалі паводле закону і каб не было ніякіх пытаньняў у гэтай справе".

(Карэспандэнтка: ) "Хто Вам дапамагае ў дачыненьнях з міжнароднымі арганізацыямі, праваабарончымі і палітычнымі?"

(Батурын: ) "Я кантактую з АБСЭ, з ААН і з амэрыканскімі палітыкамі. Я сустракаўся тут з кангрэсмэнамі, але я зараз пакуль не хацеў бы называць прозьвішчы ".

(Карэспандэнтка: ) "Яны самі на Вас выходзілі, ці Вы з дапамогай Вашых сувязяў выходзілі на палітыкаў?"

(Батурын: ) "Я сам выходзіў на іх праз беларускіх палітыкаў".

(Карэспандэнтка: ) "А з якімі беларускімі палітыкамі Вы кантактуеце, калі Вы можаце назваць?"

(Батурын: ) "З беларускіх палітыкаў, перш за ўсё, з Вінцуком Вячоркам, таму што я зьяўляюся сябрам яго партыі – БНФ, а таксама з Анатолем Лябедзькам, таму што я лічу, што гэта якраз кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі, што гэта рэальныя змагары за Беларусь".

(Карэспандэнтка: ) "Вашыя пляны ў Злучаных Штатах Амэрыкі апроч таго, што адстояць свае правы ў зьвязку з гэтым выкраданьнем з Варшавы? Што Вы зьбіраецеся рабіць?"

(Батурын: ) "Адносна маіх плянаў я жадаў бы адразу раставіць кропкі над "і". Галоўная мэта маёй палітычнай дзейнасьці – гэта зьвяржэньне камуна-фашысцкага рэжыму Лукашэнкі. Я дамагаюся таго, каб мая родная Беларусь стала вольнай і незалежнай краінай".

(Карэспандэнтка: ) "Вашыя словы вельмі сур'ёзныя, яны гучаць як абвінавачаньне. Ці не баіцёся Вы за сваю сям'ю?"

(Батурын: ) "Я калі ўжо пачаў нешта рабіць, то раблю да канца. Лічу, што мае бацькі таксама мяне падтрымаюць".

Гутарыла