Навіны 11 жніўня 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Падобна на тое, што Міністэрства аховы здароўя сваім загадам № 100А фактычна скасавала 45-ы артыкул Канстытуцыі, у якім грамадзянам Беларусі гарантуецца бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Як такое магло здарыцца?

У Міністэрстве аховы здароўя інфармацыю пра тое, што галоўным лекарам мэдычных установаў дадзенае права браць плату з грамадзянаў за мэдычныя паслугі, а таксама за лекі й перавязачныя матэрыялы пацьвердзілі. Прычым там сьцьвярджаюць, што падобныя дазволы дзейнічаюць у Беларусі даўно. Праўда намесьнік міністра Аляксандар Курчанкоў сьцьвярджае, што за плату зьдзяйсьняюцца толькі тыя паслугі, якія не прадпісаныя хвораму лекарам.

Гаворыць спадар Курчанкоў:

"Яны ўведзеныя па ўсёй краіне ды ўзаконеныя ўсімі нашымі палажэньнямі. Калі Вы прыходзіце ў шпіталь ці ў паліклініку й Вам нешта рабіць ня трэба, а Вы хочаце нешта зрабіць дадаткова – калі ласка, плаціце й рабіце. Ёсьць мэдычныя паказаньні, тое, што лічыць неабходным зрабіць лекар, а ёсьць жаданьне хворага. Тыя працэдуры, што прапісаў лекар, робяцца бясплатна, а тое, што чалавеку хочацца зрабіць, напрыклад тое ж ультрагукавае дасьледваньне, калі ласка плаці. Права выбару чалавека".

(Карэспандэнт: ) "Тым ня менш, калі гэта нават і так, як Вы кажаце, ці ня супярэчыць гэта Канстытуцыі ды іншым законам, дзе запісана, што грамадзяне маюць права на бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне ў дзяржаўных установах?"

(Курчанкоў: ) "Калі б супярэчыла – мы бы гэта ня ўводзілі. Мы ж ня самі выдумляем. Ёсьць пастанова ўраду, ёсьць Дзяржаўны камітэт у справах цэнаў, дзе ўсё ўзгадняецца".

Паведаміў намесьнік міністра аховы здароўя Аляксандар Курчанкоў.

Адносна аплаты хворымі кошту лекаў і перавязачных матэрыялаў, спадар Курчанкоў паведаміў, што шпіталі павінны мець неабходны мінімум лекаў, але тыя прэпараты, якіх у больніцах няма, пацыенты часам купляюць і за свой кошт.

Тым ня менш падаецца, што намесьнік міністра аховы здароўя быў не да канца шчырым. Бо, як бачна з паведамленьня нашага пінскага карэспандэнта, адміністрацыя мясцовага шпіталю бярэ грошы і за лекі, і за працэдуры. Вось меркаваньне на гэты конт былога міністра працы Беларусі, а цяпер намесьніка дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Аляксандра Саснова:

(Сасноў: ) "У канстытуцыі можна напісаць усё што хочаш. Напрыклад, тое, што кожна мае права мець жыльлё. Але ад таго, каб напісаць, і ад таго, каб выканаць – вельмі далёкая дыстанцыі. Так і тут. Напісана, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь карыстаюцца бясплатнай мэдычнай дапамогай, але паспрабуйце гэта выканаць, калі з кожным днём усё менш грошай выдаткоўваецца на ахову здароўя".

(Карэспандэнт: ) "А чаму б уладам не зацьвердзіць на ўзроўні канстытуцыйнага закону палажэньне пра платныя мэдычныя паслугі?

(Сасноў: ) "Гэта маглі б зрабіць толькі ўлады лібэральныя, з чалавечым пачуцьцём адказнасьці, а папулісцкія ўлады ніколі так ня зробяць. Яны робяць усё, каб за гэтую ўладу далей трымацца, каб іх проста не сагналі".

Гэта быў экс-міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў.

У камісіі аховы здароўя гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў", куды я зьвярнуўся па камэнтар, прызналі, што ўвядзеньне платных мэдычных паслугаў ёсьць парушэньнем Канстытуцыі. Прадстаўнікі камісіі толькі з жалем зазначылі, што іх ворган у адрозьненьне ад Вярхоўнага Савету ня мае кантрольных функцыяў. Супрацоўнікі гэтае ўстановы параілі хворым не плаціць, а зьвяртацца са скаргамі ў міністэрства аховы здароўя.

Як казаў знакаміты гумарыст пра падобную сытуацыю "вы, канешне, можаце не плаціць, калі вас не цікавіць вынік лячэньня".