Навіны 09 жніўня 2000 г.

Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Выйшаў чарговы нумар газэты "Рабочы"

Асноўная яго тэма вызначана словамі "Зьнікаюць людзі". Прападаюць палітычныя дзеячы, камэрсанты, зьнік вядомы тэлевізійны апэратар... Прападаюць і простыя людзі. Яны сьпіваюцца. Рыса, пасьля якой пачынаецца дэградацыя нацыі – гэта калі ўжываньне алкаголю на душу насельніцтва (у пераліку на чысты эцілавы сьпірытус) перавышае 8 літраў у год. За час праўленьня Лукашэнкі мы "пераскочылі" з 6 літраў да амаль што да 10. У пераліку на сям'ю з чатырох чалавек, мы выпіваем 192 бутэлькі гарэлкі ў год. Гэта значыць: сем'і п'юць праз дзень. Сумная статыстыка.

Ёсьць тры алкагалічныя праўды. Праўда дзяржавы: патрэбна папаўняць бюджэт. Дзяржава зарабляе на гарэлцы шалёныя грошы. Праўда грамадзтва: катастрофа ўжо адбылася. Мы жывем ва ўмовах алкагалічнай пандэміі, якая ахапіла ўсё насельніцтва Беларусі. І праўда чалавека: хачу выпіць! Газета "Рабочы" засяроджвае ўвагу на тым, што ў барацьбу за чалавека ўступаюць грамадзкія арганізацыі, і расказвае пра адну з іх, якая завецца "Абуджэньне". Друкуюцца 8 правілаў для тых, хто хоча дапамагчы алкаголікам.

"Брацкая магіла для менчукоў" – так называецца артыкул журналіста Ірыны Дубовік. Разглядаецца сытуацыя вакол імкненьня ўладаў разьмясьціць радыёактыўныя адыходы фактычна ў межах Менску. "Рабочы" дае слова старшыні экалягічнай Партыі зялёных Міхаілу Фрыдлянду, які выказвае меркаваньне: ці ня хоча наш урад ператварыць Менск у радыёактыўны сьметнік для ўсёй Эўропы?

Старонка "Маё права" дае кансультацыю юрыста, а таксама зьвяртае ўвагу на "наезд" уладаў на Аб'яднаную Грамадзянскую партыю: у Мінюсту з явіліся прэтэнзіі да пячаткі і блянкаў АГП. Дробязь? Але фармальна АГП могуць зараз закрыць у любы момант.

Шостая старонка "Рабочага" традыцыйна знаёміць чытачоў з тымі, хто ўваходзіць у Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі. Сёньня на старонцы – Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Як заўсёды, цікавай атрымалася сёмая старонка – "Мой сусьвет". 80 гадоў таму на Беларусі грымелі баі – ішла савецка-польская вайна, Беларусь была асноўным тэатрам ваенных дзеяньняў. Прычыны вайны і яе наступствы – гэта тэма артыкулу "Будзёнаўкі і канфэдэраткі. Беларусь паміж Леніным і Пілсудзкім".

Адметнай рысай газэты сталі яе тэматычныя старонкі. У гэтым нумары вас цешыць добрымі парадамі "Удачная дача".

Завяршае штотыднёвік "Рабочы" "Беларускі каляндар", у якім успамінаецца Крэўская ўнія (пагадненьне аб хаўрусе). Было гэта 14 жніўня.