Навіны 09 жніўня 2000 г.

Ганна Соусь, Менск

Згодна з новым палажэньнем пра вайсковую службу, званьне палкоўніка беларускім афіцэрам з гэтага часу будзе прысвойваць не міністар абароны, а Аляксандар Лукашэнка. Гэтае новаўвядзеньне выклікала шырокі розгалас у беларускім войску.

Новае палажэньне набыло сілу 28 ліпеня. Згодна з указам Лукашэнкі, дзеяньне гэтага дакумэнту распаўсюджваецца таксама на афіцэраў унутраных, памежных і чыгуначных войскаў, а таксама іншых вайсковых фармаваньняў, у якіх заканадаўствам прадугледжаная вайсковая служба.

На думку старшыні Беларускага Згуртаваньня вайскоўцаў, сакратара ЦК Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі ("Народная Грамада") маёра запасу Алеся Станкевіча, гэтае рашэньне было цалкам прадказальным.

(Станкевіч: ) "Справа ў тым, што чалавек, які працуе ў нас зараз прэзыдэнтам, відавочна, так захапіўся ўладаю, што яму ўжо мала прызначаць дырэктароў кірмашоў і дырэктароў інстытутаў. Ён узяўся і за больш складаную працу. А тут падзеі ў Міністэрстве абароны са спадаром Чумаковым, які ў свой час вызваліў з пасады ў вайсковым шпіталі лекара-палкоўніка і пазбавіў яго вайсковага чыну, а потым праз пэўны час прызначыў ізноў на пасаду. І неўзабаве ў адной жа, відаць, хвалі зрабіў з маёра запасу спадара Лукашэнку падпалкоўнікам запасу…

Гэта адзін бок. А з другога боку, дасягнуўшы такога ж вайсковага чыну – падпалкоўніцкага, як прэзыдэнт Расеі спадар Пуцін, Лукашэнка, таксама вышні галоўнакамандуючы, узяў за ўзор паводзіны "старэйшага брата"".

Гэта быў Алесь Станкевіч, старшыня Беларускага Згуртаваньня вайскоўцаў.

Што да ягонае спасылкі на канфлікт Чумакова з палкоўнікам Уладзімерам Мялюшкам, якога ў свой час міністар абароны панізіў да шэрагоўца, дык, відавочна, у сувязі з гэтым інцыдэнтам у палажэньні зьявілася яшчэ адная новая норма. Цяпер пазбавіць афіцэра вайсковага званьня можна толькі паводле прысуду за ўчыненае злачынства.

Беларускіх афіцэраў чакаюць і іншыя новаўвядзеньні. Па-першае, яны цяпер ня змогуць перавесьціся ў войскі іншых дзяржаваў. Гэтая мера тлумачыцца недастатковай укамплектаванасьцю Ўзброеных сілаў Беларусі. А па-другое, вайскоўцы высокае кваліфікацыі, старшыя і вышэйшыя афіцэры зь ліку прафэсарска-выкладчыцкага й навукова-дасьледніцкага складу пры дасягненьні пэнсійнага веку зь іхнае згоды могуць быць паўторна пакінутыя на вайсковай службе яшчэ на пяць гадоў.