Навіны 08 жніўня 2000 г.

Кастусь Бандарук

Сёньня заходні друк шмат увагі прысьвячае перадвыбарчай гонцы ў ЗША, у прыватнасьці, выбару сэнатара Джозэфа Лібэрмана на кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі. У часе падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў у Югаславіі заходняя прэса задаецца пытаньнем: ці ўдасца нарэшце пазбыцца прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча і ці ЗША абяруць пасьля выбараў больш жорсткі курс у дачыненьні да іншага дыктатара – Саддама Гусэйна?

Заходні друк адзначае, што Джозэф Лібэрман зьяўляецца першым амэрыканскім Габрэем, які заняў бы такую высокую пасаду. Брытанская Financial Times падкрэсьлівае, што беручы сабе ў памочнікі Лібэрмана, Ал Гор хоча абаперціся на ягоны маральны аўтарытэт, паколькі у свой час ён выступіў з рашучым асуджэньнем непрыстойных паводзінаў Клінтана ў афёры з Монікай Левінскі. Гэты выбар, – адзначае Financial Times, – азначае таксама, што зараз Злучаныя Штаты сталіся краінай менш прадузятай у дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў, як гэта было некалькі дзесяцігодзьдзяў таму.

Іншая амэрыканская газэта, Christian Science Monitor, піша, што Лібэрман, памяркоўны і дасьведчаны палітык з цэнтрысцкімі поглядамі, сам мог бы балятавацца на пасаду прэзыдэнта. У кожным разе, акрамя зьмякчэньня нэгатыўных для Гора вынікаў скандалу Клінтана і Монікі Левінскі, Лібэрман здолее перацягнуць на бок дэмакратаў многіх выбаршчыкаў, якія яшчэ ня ведаюць, за каго будуць галасаваць.

Аналітык газэты Wall Street Journal наагул адзначае, што і Джордж Буш малодшы, і Ал Гор зрабілі надзвычай добрыя выбары. Яны абралі сваімі намесьнікамі шанаваных людзей і дасьведчаных палітыкаў, якія ў разе патрэбы маглі б быць добрымі прэзыдэнтамі.

Газэта Boston Globe вярнулася да падзеяў 10-гадовай даўніны і абвінаваціла адміністрацыю бацькі рэспубліканскага кандыдата ў прэзыдэнты, Джорджа Буша-старэйшага, у тым, што яна дапусьціла памылку ў дачыненьні да Саддама Гусэйна. Газэта лічыць, што былы прэзыдэнт і тагачасны міністар абароны Дзік Чэйні павінныя былі падтрымаць паўстаньне супраць Гусэйна ў сакавіку 91-га году. Заміж таго, каб перагародзіць дарогу ірацкім танкам і артылерыі, саюзныя сілы дазволілі ірацкаму дыктатару расправіцца з бунтаўнікамі, і такім чынам Гусэйн да сёньняшняга дня застаецца пры ўладзе. Boston Globe выказвае спадзяваньне, што ў выпадку выбарчай перамогі, можа прынамсі цяпер Джордж Буш-малодшы і Дзік Чэйні зоймуць больш рашучую пазыцыю ў дачыненьні да Іраку і не абмяжуюцца толькі палітыкай паўстрымоўваньня Гусэйна.

Замежны друк зьмяшчае таксама шэраг камэнтароў пра перадвыбарчую сытуацыю ў Югаславіі. Ангельская газэта Times піша, што зараз перамога Мілошэвіча на выбарах менш праўдападобная, чым дагэтуль. Газэта цытуе вынікі апошняга апытаньня грамадзкай думкі, зь якога вынікае, што 42 % Сэрбаў гатовыя прагаласаваць за сумеснага кандыдата ад сэрбскай апазыцыі Войіслава Кастуніцы, а Мілошавіч карыстаецца падтрымкай толькі 28 % выбаршчыкаў. Аднак газэта адзначае, што Мілошавіч мае ў руках іншыя козыры. На яго працуюць усе дзяржаўныя СМІ, паліцыя, а таксама яму спрыяюць выбарчыя працэдуры. Мілошавічу ізноў можа дапамагчы непасьлядоўны Вук Драшкавіч, які заміж падтрымаць Кастуніцу, выставіў сваю кандыдатуру. Гэткім чынам ён чарговы раз падзеліць апазыцыю і адбярэ ў Кастуніцы частку галасоў апазыцыйнага электарату. Акрамя таго, для Мілошавіча карысны і той факт, што прэзыдэнт Чарнагорыі Міло Дзюканавіч, які падтрымоўвае сэрбскую апазыцыю, лічыць выбары неканстытуцыйнымі і заклікае сваіх суайчыньнікаў байкатаваць іх.

Сытуацыю на Балканах камэнтуе таксама дацкая газэта Politiken. Яна выказвае зьдзіўленьне, што год пасьля ваеннай апэрацыі НАТО супраць Белграду і пераняцьця кантролю над Косавам, у паўночнай частцы правінцыі усё яшчэ здараюцца этнічныя чысткі. "Рэзалюцыя Рады Бясьпекі ААН, згодна якой Косава застаецца неад'емнай часткай Сэрбіі, зьяўляецца фікцыяй" – піша дацкая газэта.
"Рэзалюцыя была прынятая з улікам пажаданьняў Расеі і тых краінаў, якія больш рупіліся пра цэласнасьць Югаславіі і захаваньне Мілошавічам улады, чым пра палітычныя і чалавечыя рэаліі ў Косаве. Такая палітыка, – піша дацкая газэта Politiken, – дазваляе Мілошавічу ізноў адклікацца да нацыяналістычных лёзунгаў прынамсі ў памежных з Косавам раёнах.