Навіны 04 жніўня 2000 г.

Ганна Навумовіч, Менск

Працягваецца канфлікт паміж Інстытутам радыяцыйнае бясьпекі "Белрад" і Міністэрствам аховы здароўя. Дырэктар інстытуту, прафэсар Васіль Несьцярэнка лічыць, што міністэрства зробіць усё магчымае, каб прыпыніць дзейнасьць інстытуту.

У інтэрвію нашаму радыё спадар Несьцярэнка паведаміў, што вырашыў ня браць удзелу ў нарадзе Міністэрства аховы здароўя, што была прысьвечана дзейнасьці ягонага інстытуту. Васіль Несьцярэнка паведаміў:

"Я лічу так – калі я прад'яўляю прэтэнзіі Міністэрству аховы здароўя і пішу пра гэта ліст ва ўрад, а потым міністэрства прызначаецца арбітрам у гэтай справе – дык гэта ёсьць парушэньнем парадку разгляду прэтэнзіяў. Тым больш, што нашыя прэтэнзіі да міністэрства былі прызнаныя міжнароднай экспэртнай камісіяй", – лічыць Васіль Несьцярэнка.

Паводле меркаваньня дырэктара "Белраду", пытаньне пра далейшую дзейнасьць інстытуту ня можа разглядаць Міністэрства аховы здароўя, бо яно зацікаўленае ў гэтае справе. Васіль Несьцярэнка лічыць, што пытаньне мусіць разглядаць нехта зь віцэ-прэм'ераў ураду.

Чаму Міністэрства аховы здароўя зацікаўленае ў прыпыненьні дзейнасьці інстытуту, спадар Несьцярэнка тлумачыць так:

"Яны памыліліся ў каталёгу дозаў – у нас ёсьць вынікі вымярэньняў. Што тычыцца радыяцыйнага кантролю харчовых прадуктаў, у параўнаньні з Расеяй у нас у дачыненьні да малака нормы ўдвая вышэйшыя, да мяса – утрая. Няма дозавай мяжы для дзяцей, яна тут утрая вышэйшая, чым на Захадзе. Адсюль захворваньні дзяцей.

Міністэрства ня хоча прызнаваць як сродак апэратыўнага кантролю за ўтрыманьнем радыенуклідаў у дзяцей спэктромэтры выпраменьваньня чалавека.

Праца прафэсара Юрыя Бандажэўскага паказала, што, калі параўнаць назапашваньне радыенуклідаў з захворваньнямі ў дзяцей, усё становіцца зразумелым – на якіх узроўнях забруджваньня пачынаецца паталёгія…", – распавёў прафэсар Несьцярэнка.

Дырэктар "Белраду" мяркуе, што Міністэрства аховы здароўя паспрабуе зрабіць усё магчымае, каб пераканаць урад, нібы інстытут ня можа рабіць наўпроставыя вымярэньні дозаў у беларусаў.

Некаторыя спадзяваньні ў Несьцярэнкі выклікала сустрэча зь міністрам юстыцыі Генадзем Варанцовым, якая адбылася ўчора. Варанцоў запэўніў Васіля Несьцярэнку, што праблемы, зь якімі сутыкнуўся інстытут "Белрад" пад час перарэгістрацыі, магчыма вырашыць.